50 крымінальных і 120 адміністрацыйных спраў — толькі за 1 месяц на Гомельшчыне

Міліцыя, ілюстрацыйнае фота

Міліцыя, ілюстрацыйнае фота / МУС Беларусі

За студзень 2025 года міліцыя Гомельскай вобласці зафіксавала "50 злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці". Па іх праходзяць 34 падазраваныя. Гэта значыць, што некаторым людзям ставяць у віну не адзін, а шэраг палітычна матываваных артыкулаў КК.

Пра такую статыстыку ў мясцовай прэсе расказаў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС аблвыканкама Андрэй Майсяйкоў. Паводле яго, найчасцей крымінальныя справы пачынаюць за публічную абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, "распальванне варожасці", "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", піша "Флагшток".

Таксама міліцыянты працягваюць пераследаваць людзей за падабайкі і падпіскі ў сацсетках на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы, якія рэжым Лукашэнкі абвясціў "экстрэмісцкімі". За студзень было складзена 122 пратаколы па абвінавачанні ў "распаўсюдзе экстрэмізму". Дарэчы, у раскладзе судоў такой колькасці працэсаў не было. Гэта значыць, мяркуюць у "Флагштоку", што суды па-ранейшаму хаваюць рэальную карціну ці не паспяваюць уносіць усе справы ў расклад.

Акрамя таго, прадстаўнік гомельскай міліцыі заявіў, быццам апошнія два гады "прыхільнікі экстрэмісцкіх поглядаў выкарыстоўваюць больш радыкальны метад — падрыхтоўку і арганізацыю тэрактаў" на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, пра такія факты прапаганда нічога не паведамляла — суды па абвінавачаннях у тэрактах былі адзінкавымі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.