У МУС Беларусі заявілі, што не збівалі расійскага стэндапера

Арцемій Астанін паказаў, як яго катавалі беларускія сілавікі

Арцемій Астанін паказаў, як яго катавалі беларускія сілавікі / t.me/ostorozhno_novosti/

Беларускае Міністэрства ўнутраных спраў выступіла з адмысловай заявай наконт публікацый аб збіцці расійскага стэндапера Арцемія Астаніна.

"Пачынаючы з 19 сакавіка ў дэструктыўных СМІ і інтэрнэт-рэсурсах распаўсюджваецца ілжывая інфармацыя аб прычыненні цялесных пашкоджанняў пры затрыманні і этапаванні беларускімі сілавікамі вядомаму расійскаму стэндаперу. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці", — заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.

Ён сказаў, што Астаніна затрымалі 17 сакавіка ў Нацыянальным аэрапорце Мінск паводле запыту расійскіх сілавікоў. Потым яго пад канвоем байцоў ГУБАЗіКа вывезлі аўтамабільным транспартам на мяжу з Расіяй і перадалі расійскім сілавікамі.

"Пры затрыманні і прадастаўленні пры этапаванні дадзенага грамадзяніна якой-небудзь фізічнай сілы і іншых недазволеных метадаў да яго не ўжывалася. Беларускія сілавікі дзейнічалі ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам", — паведаміў Казакевіч.

Раней паведамлялася пра затрыманне артыста ў Беларусі 17 сакавіка. Беларускія сілавікі выклалі спярша фота Астаніна з дрэдамі, а пазней — без іх і з мясакруткай на шыі. У такім выглядзе яго перадалі расійскаму боку.

Адвакатка Астаніна з яго словаў перадала, што яго ў Беларусі сілавікі завезлі ў лес, дзе катавалі электрашокерам і збівалі. Лекары пазней дыягнаставалі ў яго пералом пазванка, множныя ранкі і ўдары, а таксама выявілі праблемы з дыхальнай функцыяй і лёгкімі.

Пры гэтым артыст падкрэсліў, што расійскія ўлады яго не чапалі, фізічную сілу не ўжывалі, таму да іх за гэта ён прэтэнзій не мае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.