Папу Рымскага выпісалі з лякарні

Папа Рымскі ўпершыню за 5 тыдняў з'явіўся на публіцы / Reuters
Папу Рымскага выпісалі з лякарні. Перад тым ён упершыню за больш як пяць тыдняў з'явіўся на публіцы, звярнуўшыся да паствы з балкона рымскай лякарні Джэмелі.
88-гадовы пантыфік пасміхнуўся і прывітаў радасны натоўп, які чакаў звонку. На балконе ён з'явіўся ў інвалідным вазку, якім карыстаецца ўжо некалькі гадоў.
"Дзякуй усім", — сказаў Францішак у мікрафон. І перахрысціў тых, хто сабрўся ўнізе, пасля чаго яго адвезлі ў палату.
Праз некалькі хвілінаў Папа ўжо вітаў каталіцкіх вернікаў з задняга сядзення аўтамабіля, які выязджаў з тэрыторыі лякарні.
Францішак сур’ёзна захварэў напачатку лютага
У Папы Рымскага дыягнаставалі двухбаковае запаленне лёгкіх. З 14 лютага ён знаходзіцца ў лякарні, дзе яго нейкі час трымалі на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх.
У дзяцінстве будучаму кіраўніку Каталіцкай царквы выдалілі частку лёгкага, таму ён асабліва ўразлівы да рэспіраторных захворванняў. На гэты момант Францішак — адзін з найстарэйшых Папаў Рымскіх у гісторыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.