На Мазырскім НПЗ усталёўваюць сістэму распазнавання твараў — ByPol
У Мазыры ўсталёўваюць мноства вулічных відэакамер
На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе ўсталёўваюць сістэму распазнавання твараў. Пакуль што яна працуе ў тэставым рэжыме. А ў горадзе з'явілася шмат новых відэакамер, паведамляе ByPol са спасылкай на ўласныя крыніцы.
"Камеры на ўзроўні вачэй чалавека ўсталяваныя на ўсіх скрыжаваннях дарог, чыгуначных пераездах, у пад'ездах дамоў і вакол усіх месцаў, дзе знаходзяцца людзі. Вядзецца татальнае назіранне", — кажа крыніца арганізацыі.
Як вядома, раней сілавікі ўжо выкарыстоўвалі сістэму Kipod для распазнавання твараў пратэстоўцаў 2020 года ў Мінску. За гэта кампанія Synesis і яе ўладальнік Аляксандр Шатроў трапілі пад санкцыі ЕС.
Таксама напярэдадні "выбараў" на Мазырскім НПЗ актывізаваліся ідэолагі: абавязковыя "інфармацыйныя дні" сталі штотыднёвымі.
"Яны распавядаюць нам, як нам выдатна жывецца і што справы ідуць вельмі добра. Кепска за мяжой", — расказвае адзін з работнікаў завода.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.