На месцы, дзе быў уваход у Мінскае гета, павесілі памятную шыльду
Шыльда ў памяць Мінскага гета
У Мінску на доме №1 па вуліцы Раманаўская Слабада, дзе быў уваход у гета, павесілі памятную шыльду. Гэта адбылося ў рамках мерапрыемстваў да Дня памяці ахвяраў Халакосту.
Шыльду павесіў Саюз беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамад пры падтрымцы амбасады Ізраіля ў Беларусі і Ізраільскага культурнага цэнтра ў Мінску. Таксама аб'яднанне дзякуе архітэктару Галіне Левінай і скульптару Канстанціну Касцючэнку "за дапамогу і прафесійны падыход".
Афіцыйная цырымонія адкрыцця памятнай шыльды адбудзецца пазней.
Да Другой сусветнай вайны ў Беларусі пражывала каля 900 тысяч габрэяў. За гады акупацыі нацысты знішчылі каля 800 тысяч беларускіх і 50 тысяч еўрапейскіх габрэяў.
На тэрыторыі Беларусі нацысты стварылі 250 гета. Мінскае было самым вялікім з іх — у ім было забіта больш за 100 тысяч чалавек.
У Мінску дагэтуль няма ні музея Халакосту, ні музея Мінскага гета.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.