На плантацыі дэпутата ад AfD Ёрга Дорнау пад Лідай працуюць палітвязні — Reform

Ёрг Дорнау і яго партнёр Юрый Куніцкі

Ёрг Дорнау і яго партнёр Юрый Куніцкі / "Лідская газета"

Беларусаў, асуджаных у Лідзе па палітычных артыкулах, рэгулярна пасылалі працаваць на цыбульную плантацыю. Яна належыць нямецкаму бізнесоўцу і дэпутату ад папулісцкай партыі "Альтэрнатыва для Германіі" (AfD) Ёргу Дорнау, піша reform.news.

Дорнау заключыў адпаведнае пагадненне з лідскім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Як піша выданне, нямецкі палітык асабіста правяраў працу палітвязняў.

Адзін з "палітычных" работнікаў пагадзіўся расказаць журналістам пра ўмовы працы. Яго затрымалі ў лютым 2024 года і асудзілі на на 15 сутак за падабайку пад постам у сацсетках.

"Нас завезлі ў сховішча. Люты, падвал, адзежа як у каго. Там рукі і ногі мерзлі. Сняданак у 7:00 гадзін раніцы.  Да 18:00 без ежы і пітва. Цыбуля смачная".

Паводле мужчыны, праца не была прымусовай. Заробленыя грошы мусілі пайсці ў залік утрымання ў ЦІПе. Вязні штодня падпісвалі згоду на працу: "Калі брыгадзір палічыў, што затрыманы працуюе добра, то яму налічвалі заробак. Лідскаму ЦІП плацілі 30 рублёў, затрыманым — каля 20. Цыбулю перабіралі для гандлевай сеткі "Еўраопт".

Падчас працы вязень бачыў і нямецкага палітыка, які правяраў іх: "Высокі, лысы чалавек. Прыязджаў адзін раз на сваёй машыне з нямецкай рэгістрацыяй. Заходзіў у сховішча, дзе мы перабіралі цыбулю разам з нанятымі працаўнікамі".

53-гадовы Ёрг Дорнау з'яўляецца сябрам ультраправай прарасійскай партыі "Альтэрнатыва для Германіі". З 2019 года ён чалец саксонскага парламента і прадстаўляе там парламенцкую групу AfD па сельскагаспадарчай палітыцы.

У нямецкіх СМІ выбухнуў скандал, калі выявілася, што Дорнау мае ў Беларусі фірму "Цыбулька-Бел" (зарэгістраваную, дарэчы, у кастрычніку 2020 года). Весці бізнес дэпутатам не забаронена, але гэтыя звесткі нельга ўтойваць. За парушэнне заканадаўства саксонскі парламент у жніўні 2024-га аштрафаваў яго на 20 862 еўра.

Дзелавым партнёрам Дорнау з'яўляецца Юрый Куніцкі, які жыве ў Германіі. У нямецкай прэсе, як заўважыла Reform.news, пра яго пішуць так: "Шмат гадоў працуе на расійскі і беларускі прапагандысцкі апарат, і пра яго ў крэдытных справаздачах гаворыцца: "Дзелавыя стасункі не рэкамендуюцца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі