На праспекце Незалежнасці аўтобус пакаціўся з прыпынку і выехаў на зялёную зону
На праспекце Незалежнасці ў Мінску здарылася ДТЗ з удзелам грамадскага транспарту. Як піша onliner.by, інцыдэнт адбыўся ў раёне станцыі метро "Уручча". Аўтобус пакаціўся з прыпынку і выехаў на зялёную зону. Рух на гэтым участку дарогі практычна цалкам спыніўся, грамадскі транспарт праехаць не мог.
Па словах прэс-сакратара ДАІ Першамайскага раёна Кацярыны Журымскай, прычынай інцыдэнту стаў тэхнічны збой. Кіроўца спыніўся на прыпынку і адчыніў дзверы. "У гэтым выпадку аўтаматычна павінен быў спрацаваць ручны тормаз. Аднак гэтага з нейкай прычыны не адбылося", — кажуць у ДАІ.
Кіроўца выйшаў з аўтобуса па службовай неабходнасці. А калі не спрацаваў ручны тормаз, аўтобус пакаціўся ў тым напрамку, куды былі павернутыя пярэднія колы. Пасажыры заўважылі, што аўтобус паехаў, а кіроўцы няма, — і выскачылі на вуліцу.
Паведамляецца, што людзі пры здарэнні не пацярпелі, а вось аўтобус і "Міцубісі", які ён зачапіў, атрымалі пашкоджанні.
Фота: onliner.by