На тэлеканале АНТ сказалі, у каго з актывістаў забіраюць нерухомасць
Арыштаваная кватэра
На дзяржаўным тэлеканале АНТ увечары 20 траўня выйшаў сюжэт пра кватэры актывістаў, вымушаных пад палітычным пераследам пакінуць Беларусь.
У кадрах бачна, як сілавікі ўваходзяць у кватэры і апячатваюць іх "для далейшай рэалізацыі". У сюжэце паведамілі пра арышт кватэры Яны Латушка (дачкі Паўла Латушкі), Аляксандра Шышко, Алы Пухавай, Андрэя Тупоўскага, Ганны Федаронак, гісторыка Віктара Якубава, каардынатара кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Змітра Бандарэнкі, журналіста Змітра Казакевіча. Таксама ў сюжэце паказалі, як сілавікі заварваюць уваходныя дзверы ў кватэры актывістак Караліны Цярэнцьевай і Таццяны Баранавай.
Як было заяўлена, усе кватэры апячатаныя ў рамках крымінальных спраў. Гаворка ідзе пра нядаўна абвешчаную "справу 104" — яе пачалі супраць палітэмігрантаў, якія публічна адзначалі Дзень Волі ў замежжы. Прапагандыст Ігар Тур заявіў, што абвінавачаных па гэтай справе будзе яшчэ больш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.