Нацбанк заўважыў рызыку ў тым, што беларусы бяруць шмат крэдытаў

Нацбанк

Нацбанк

Нацыянальны банк заўважыў рызыкі ў высокіх тэмпах росту крэдытавання насельніцтва. Гэта можа пагражаць фінансавай стабільнасці дзяржавы.

Пра гэта гаворыць у сваім дакладзе намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц. Дакумент пад назвай "Забеспячэнне фінансавай стабільнасці ў 2024 годзе і задачы на 2025 год" з'явіўся на сайце фінансавага рэгулятара.

"Хоць на цяперашні момант рызыкі ў частцы фінансавання фізічных асоб знаходзяцца на прымальным узроўні, захаванне ў далейшым тэндэнцый у крэдытаванні насельніцтва можа стварыць пагрозу для фінансавай і цэнавай стабільнасці", — адзначаецца ў дакладзе.

Леташні год называлі рэкордным для беларусаў па колькасці ўзятых крэдытаў. За 2024 год запазычанасць фізічных асоб перад банкамі вырасла амаль на 5,66 млрд рублёў, або на 27,6%. Па стане на 1 студзеня яна склала 26,16 млрд рублёў. Летась беларусы аформілі ў банках крэдыты на 16,79 млрд рублёў — гэта на 27,6% больш, чым за 2023 год.

Калечыц у сваім дакладзе сцвярджае, што палітыка Нацбанка дазволіла не дапусціць значнага росту пазыковай нагрузкі і крэдытны разрыў знаходзіўся ў прымальным дыяпазоне.

У якасці асноўных крыніц рызыкі ў 2024 годзе рызыка-менеджары банкаў называлі знешнеэканамічныя ўмовы, у тым ліку санкцыі, геапалітычную напружанасць і пагаршэнне фінансавага становішча пазычальнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі