Намеснік кіраўніка МЗС: Вяртанне дыпламатаў ЗША зойме месяцы, а то і гады
Беларусь сапраўды зняла абмежаванне на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка на панэльнай дыскусіі "Атлантычнага савета" ў Вашынгтоне 31 студзеня, піша tut.by.
Разам з тым ён падкрэсліў, што графіка вяртання дыпламатаў яшчэ няма і перамовы паміж Беларуссю і ЗША наконт вяртання амбасадараў яшчэ працягваюцца. "Канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае. Калі будзе прынята? Працэс зойме месяцы, калі не гады. Хутчэй за ўсё, гады — да таго як мы ўбачым амбасадараў у абедзвюх сталіцах", — спрагназаваў Краўчанка.
Таксама намеснік міністра паведаміў, што бязвізавы ўезд у Беларусь можа ў далейшым распаўсюдзіцца на наземныя межы. (Сёння замежнікі могуць прыбываць па бязвізавым рэжыме толькі праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.) Аднак гэта, па словах дыпламата, таксама доўгі працэс.
Раней амерыканскі часопіс Foreign Policy паведаміў, што Беларусь зняла абмежаванні на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску. Пра гэта, нібыта, кіраўнік МЗС Уладзімір Макей 10 студзеня апавясціў Вашынгтон. МЗС Беларусі пацвердзіў, што Макея размаўляў з кіраўніцтвам Дзярждэпа ЗША, але дэталі гэтай размовы не раскрыў.
Амбасада ЗША працуе ў скарочаным складзе з 2008 года, амбасадара ў Беларусі няма. Афіцыйны Мінск спярша вызначыў ліміт у пяць дыпламатаў, але паступова павялічыў іх колькасць да дзесяці.