Намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага абвясцілі ў міждзяржаўны вышук

Барыс Гарэцкі

Барыс Гарэцкі

Беларускія ўлады абвясцілі ў міждзяржаўны вышук намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага. Увагу на картку з яго імем звярнула "Медыязона".

Пры гэты не пазначана, паводле якога артыкула шукаюць Гарэцкага.

У каментары БАЖ Гарэцкі згадаў, што сёння за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 42 прадстаўнікі і прадстаўніцы СМІ.

"Рэжым працягвае пераследаваць журналістаў, праводзіць ператрусы, саджаць новых калег у турму. Здзекавацца з тых, хто цяпер у турэмных засценках. Пра іх нашы думкі і наша салідарнасць з імі. А "міждзяржаўны", дакладней — беларуска-расійскі — вышук мы як-небудзь перажывем і калі-небудзь будзем успамінаць з гумарам", — дадаў ён.

Барыс Гарэцкі працуе ў журналістыцы з другой паловы нулявых. Ён быў карэспандэнтам "Радыё Рацыя" і грамадска-палітычнага сеткавага медыя Udf.by. Ад 2018 года — намеснік старшыні БАЖ. Апошнія гады жыве па-за межамі Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі