Народнае апалчэнне будзе змагацца з дыверсантамі — Вальфовіч
Аляксандр Вальфовіч і байцы народнага апалчэння / прэс-служба Мінабароны
Прэс-служба Мінабароны апублікавала фота атрада народнага апалчэння Барысаўскага раёна. Ён створаны ў Глівінскім сельскім выканкаме.
Як распавядала Еўрарадыё, з 20 сакавіка ў Барысаўскім раёне праводзіцца праверка ўзроўню гатоўнасці тэрытарыяльнай абароны Мінскай вобласці. Ход вучэння інспектуюць дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, міністр абароны Віктар Хрэнін і старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.
Упершыню ў вучэннях задзейнічаны атрад народнага апалчэння. "Яно фармуецца з ліку добраахвотнікаў, жыхароў таго ці іншага населенага пункта, якія будуць дапамагаць мясцовым органам унутраных спраў, перш за ўсё ўчастковым, выконваць задачы па забеспячэнні бяспекі. Акрамя таго, яны будуць вырашаць задачы ваеннага становішча, барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі на тэрыторыі таго ці іншага раёна", — перадае БЕЛТА словы Аляксандра Вальфовіча.
Таксама ў вучэннях задзейнічаная і тэрытарыяльнай абарона. Па словах Вальфовіча, у яе ўключылі падраздзяленні інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету: "Гэта найбольш абсталяваныя і падрыхтаваныя ў мірны час структуры, якія выдатна ведаюць кожны куток свайго раёна. Яны аснашчаныя самымі сучаснымі сродкамі: квадракоптэрамі, відэакамерамі, цеплавізарамі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.