NATO заклікае Беларусь "спыніць сваю зламысную дзейнасць супраць суседзяў"

Удзельнікі саміту NATO ў Вільні / https://twitter.com/jensstoltenberg
Удзельнікі саміту NATO ў Вільні / https://twitter.com/jensstoltenberg

NATO заклікае Беларусь "спыніць сваю зламысную дзейнасць супраць сваіх суседзяў", а таксама паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, выконваць міжнароднае права. Пра гэта гаворыцца ў выніковым камюніке саміту альянсу ў Вільні.

У ім таксама адзначаецца, што "паглыбленне вайсковай інтэграцыі Расіі з Беларуссю, уключаючы разгортванне ў Беларусі перадавых расійскіх вайсковых сіл і сродкаў, мае наступствы для рэгіянальнай стабільнасці і абароны Паўночнаатлантычнага саюза". NATO абяцае, што "будзе захоўваць пільнасць і працягваць уважліва сачыць за развіццём падзей, у прыватнасці, за патэнцыйным разгортваннем так званых прыватных ваенных кампаній у Беларусі"

Як вядома, на рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўскладаецца адказнасць за міграцыйны крызіс на межах з краінамі ЕС (Польшчай, Літвой і Латвіяй). Краіны-суседкі таксама заклапочаныя новай пагрозай з РБ — запрашэннем з Расіі вагнераўцаў, а таксама размяшчэннем расійскай ядзернай зброі (лідары краін NATO асудзілі намер РФ размясціць тактычную ядзерную зброю ў РБ).

У камюніке змешчаны заклік да Мінска і Тэгерана адмовіцца ад дапамогі Расіі: "Падтрымка Беларусі адыграла важную ролю, бо яна працягвае даваць сваю тэрыторыю і інфраструктуру, каб расійскія сілы маглі атакаваць Украіну і працягваць расійскую агрэсію". 

Саміт NATO адкрыўся ў Вільні 11 ліпеня. Для ўдзелу ў ім у сталіцу Літвы прыляцеў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі