Некалькі тэнісістаў з Беларусі і Расіі падпісалі дэкларацыю нейтральнасці

Тэнісісты Беларусі і Расіі рыхтуюцца выступіць на Уімблдлдоне / pixabay.com
Тэнісісты Беларусі і Расіі рыхтуюцца выступіць на Уімблдлдоне / pixabay.com

Некалькі тэнісістаў з Беларусі і Расіі падпісалі ўжо дэкларацыю аб нейтральнасці для ўдзелу ў Уімблдонскім турніры гэтым летам. Пра гэта перадае Бі-Бі-Сі са спасылкай на арганізатараў турніру. Імёны спартоўцаў не называюцца.

Як распавядала Еўрарадыё, напрыканцы сакавіка была знятая забарона на ўдзел у турніры для беларускіх і расійскіх тэнісістаў. Умовай для ўдзелу стала дэкларацыя аб нейтральнасці. Летась Уімблдон стаў адзіным турнірам серыі "Вялікага шлема", які не дапусціў спартоўцаў з Беларусі і Расіі на свае корты. Прычынай стала расійская агрэсія ва Украіне. За гэта Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў аштрафавала Уімблдон на 1 мільён долараў, а міжнародныя тэнісныя асацыяцыі пазбавілі турнір рэйтынгавых ачкоў.

У дэкларацыі аб нейтральнасці, якую падпісваюць спартоўцы, гаворыцца, што яны не павінны рабіць заявы ў падтрымку рэжымаў сваіх краін і не павінны атрымліваць фінансавыя сродкі ад іх урадаў ці бізнесу, шчыльна звязанага з урадамі. Акрамя таго, на турніры будуць забароненыя сцягі ды іншыя дзяржаўныя сімвалы Беларусі і Расіі.

Выканаўчы дырэктар усеанглійскага клуба лаўн-тэніса і крокета (AELTC) Салі Болтан выказала надзею, што ўкраінскія спартоўцы з разуменнем паставяцца да пазіцыі арганізатараў турніру.

Дарэчы, арганізатары Уімблдона абвясцілі пра шматбаковую падтрымку ўкраінскім спартоўцам і гледачам. У прыватнасці, на ўвесь перыяд матчаў тэнісістам бясплатна дадуць па два гатэльныя пакоі на гульца. Тысяча ўкраінскіх бежанцаў бясплатна атрымаюць квіткі на турнір. А адзін фунт стэрлінгаў ад кожнага прададзенага квітка пойдзе ў дабрачынны фонд на падтрымку Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі