"Нервова чакаць біткоін за мільён": гісторыя беларуса, які валодаў крыптафермай

Біткоін ўсё яшчэ расце

Біткоін ўсё яшчэ расце / @rubanau_collage

За апошні месяц курс біткоіна перавысіў сваю гістарычную мяжу і амаль дасягнуў трохзначных значэнняў — ста тысяч долараў. Зрэшты, ужо адкаціўшыся да 92 тысяч. 

Небываламу росту крыптавалюты дапамагло абранне ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа, чыё блізкае асяроддзе імкнецца спрасціць выкарыстанне крыпты, ператварыўшы Штаты ў сусветную сталіцу віртуальных грошай.

Еўрарадыё паразмаўляла з беларусам Аляксеем, які раней валодаў майнінг-фермай, пра тое, ці можна сёння зарабіць на росце біткоіна і ці варта ў прынцыпе інвеставаць асабістыя сродкі ў крыптавалюту. З меркаванняў бяспекі суразмоўца пажадаў застацца ананімным.

 

— Як даўно вы займаецеся крыптавалютамі? Гэта вашае хобі ці асноўны напрамак работы?

— Я цікаўлюся крыптавалютамі з моманту іх з'яўлення. 

Лічбавыя сістэмы плацяжоў мне былі цікавыя па маім прамым профілі занятку — я праграміст, працаваў у кампаніі, звязанай з электроннымі плацяжамі. А біткоін як універсальны сродак плацяжоў без адзінай кропкі адмены і кантролю быў для мяне надзвычай цікавы.

Крыптавалюты не з'яўляюцца на цяперашні момант нейкай часткай маёй дзейнасці. Я дасюль праграміст, але змяніў профіль дзейнасці — з фінансамі не маю спраў. Часам даводзіцца інтэграваць кудысьці аплату крыптавалютамі, але не больш.

"Нервно ждать биткоин за миллион": история белоруса, владевшего криптофермой
Фізічная манета біткоіна / Picture alliance / AP Photo / M. Lennihan

Раней я майніў. У мяне была ферма з сотняй майнераў і сотняй відэакарт, але ўрэшце прыйшлося ўсё прадаць, калі цана на электраэнергію ў Еўропе пайшла ўверх, а біткоін моцна асеў, і прыбытак не пакрываў выдаткі.

— За апошні месяц, на фоне абрання Трампа прэзідэнтам, біткоін практычна дасягнуў 100 тысяч долараў. Якія ў вас эмоцыі ад гэтага факту?

— Калі біткоін прабіў сваю першую важную столь — тысячу долараў, я прыкінуў, што яго кошт можа спакойна дарасці і да дзесяці тысяч. Сто тысяч ужо не падаюцца чымсьці дзіўным, а ў прыгожыя лічбы я не веру. Ну 100 і 100.

Журналісты з гэтага раздзімаюць нагоду для навінаў, людзі чытаюць артыкулы, бягуць купляць біткоіны, яны растуць яшчэ хутчэй — звычайна гэта працуе менавіта так. Потым надыходзіць момант расчаравання, людзі скідаюць непатрэбныя манеты, цана падае ў разы. І так з перыядычнасцю ў 2-3 гады.

— Як думаеце, ці доўга ён так пратрывае? Будзе расці або ўпадзе?

— Дакладных прагнозаў ніхто не дасць, вядома. Калі ты дакладна ведаеш, які будзе курс заўтра — купі сёння і зарабі.

— Колькі ў вас цяпер крыптавалюты? Ці ўдалося зарабіць на сённяшнім гандлёвым усплёску і ў якім памеры?

— Так, у мяне ёсць пэўная колькасць манет у біткоінах і іншых крыптавалютах.

Паколькі кошт расце, то і капітал, які я стараюся не чапаць, таксама расце ў цане. Я не гандлюю на біржы, гэта значыць не прадаю-купляю манеты рэгулярна, таму заробак расце ў намінальным выражэнні, а не ў фіятным. Калі заўтра курс упадзе, я гэтак жа сама страчу. Для мяне гэта доўгатэрміновыя інвестыцыі.

"Нервно ждать биткоин за миллион": история белоруса, владевшего криптофермой
Абслугоўванне крыптафермы / ostrovets.by

Ці спрабаваў я зарабіць — не. Я не іграю на біржы.

Па тэорыі гульняў, ігра на біржы — гэта ігра з нулявой сумай, як казіно. У выйгрышы, у сярэднім, застаецца казіно, таму ігры на біржы, як па мне, дурная забава. Гэта шмат нерваў, шмат страчанага часу і вельмі нізкія шанцы нешта зарабіць.

— Наколькі выгадна цяпер майніць крыптавалюту? Колькі грошай, сіл і часу трэба ўкладаць у працэс?

— Майнінг крыптавалют патрабуе вузкаспецыялізаванага электроннага абсталявання і энергазатратаў. Трэба абсталяванне купіць, наладзіць, сачыць за ім, а электрычнасць трэба купляць па мінімальных цэнах. Гэта простая матэматыка і вялікія інвестыцыі. 

Зноў жа, працуюць аналогіі з золатаздабычай. Калісьці золата маглі здабываць асобныя старацелі, проста знаходзячы залатыя зліткі пад нагамі. Цяпер — гэта велізарныя машыны, заводы, плавільні, дзе трэба лічыць кожную капейку, каб застацца ў плюсе.

Майніць можна, але пры невялікіх укладаннях (кшталту тысяч долараў), гэта будзе невялікі заробак. Канкрэтныя лічбы пастаянна мяняюцца і нельга нават прыкладна сказаць, колькі тут заробіш. 

Самая расходная частка — гэта электраэнергія, таму калі ёсць доступ да таннай энергіі, то ў цябе будзе большы даход. 

Пры гэтым, калі ўкласці адразу шмат, то-бок у цябе будзе не адзін майнінг-кампутар, а сотня, то нейкія рэсурсы пойдуць і на каардынацыю, і абслугоўванне ўсёй майнінг-фермы (а гэта страты), плюс паколькі электрычнасці спатрэбіцца зноў жа ў сотню разоў больш, то прыйдзецца планаваць і гэтую частку. 

Прыкладна, як маленькі станок можна паставіць і ў гаражы, а для цэха трэба асобны будынак з асобна падведзенымі камунікацыямі. 

Вось гаражны майнінг нікуды не знік, ён прыносіць штосьці, але гэта рэальна капейкі, а часу сыходзіць вельмі шмат. Калі купіць відэакарту за некалькі сотняў долараў і мець танную электраэнергію, прыбытковасць будзе — дзясятак цэнтаў на дзень.

"Нервно ждать биткоин за миллион": история белоруса, владевшего криптофермой
Лагатып "Біткоін" на фоне панарамы Ганконга/ investinfo.pro

Адпаведна, калі мы гаворым аб сталай працы і хочам атрымліваць хоць бы некалькі тысяч долараў на месяц, гаворка ідзе ўжо пра сотні відэакарт, укладаннях кшталту сотняў тысяч долараў, спецыяльным падключэнні да электрасеткі і памяшканні, здольным усё гэта абслугоўваць.

— З вонку здаецца, што крыптавалютчыкі адно грабуць грошы шуфлём. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, і пра якія даходы наогул можна казаць?

— Мне не падабаецца слова "крыптавалютчык". Ну ці я не разумею, хто маецца на ўвазе. 

Мы ж не кажам "золатагандляр". Што гэта можа азначаць у прынцыпе?

У гэтай галіне ёсць шмат разнапланавых ігракоў. 

Уладальнік крыптавалют — любы, хто купіў або намайніў сабе манет. Біржы і абменнікі — сэрвісы, якія прадстаўляюць магчымасць купляць і прадаваць крыптавалюты за фіятныя грошы. Майнеры — людзі, якія займаюцца абсталяваннем для майнінга, то-бок падтрыманнем функцыянавання алгарытму крыптавалют за камісію з транзакцый і ўзнагароду сеткі. Дзяржава, якая ўвесь час суне нос да першых трох і спрабуе неяк утаймаваць гэтага новага лічбавага джына.

— Што будзеце рабіць з грашыма: выводзіць, інвеставаць? А можа плануеце нешта набыць?

— Даваць парады па інвеставанні — кепская задума, а недзе і падсудная справа, калі без належнай ліцэнзіі. Але агульнае правіла для інвеставання — частку ўкласці ў стабільныя актывы, частку ў менш стабільныя, частку ў рызыкоўныя. 

Укладаць усё ў рызыкоўны актыў дакладна не варта. Яйкі, адзін кошык, усё такое.

У цэлым, прынцып такі скажы табе сёння, што пустыя скрыначкі з-пад happy meal будуць каштаваць праз 10 гадоў па тысячы баксаў, колькі тады ты скрыначак купіш?

"Нервно ждать биткоин за миллион": история белоруса, владевшего криптофермой
Курс біткоіна раніцай 26 лістапада / скрыншот сэрвісу Google Finance

Вось з крыптай гэтак жа. Калі яна расце, журналісты пішуць захопленыя артыкулы, яна пачынае расці яшчэ хутчэй, а потым абрынаецца з гучным трэскам, калі тыя пакупнікі разумеюць, што есці трэба, а грошай няма.

Калі шчыра, я б не раіў укладаць у біткоіны нікому, хто не займаецца гэтай тэмай пастаянна. Большы шанец страціць, чым нешта атрымаць. Згубіць пароль ад флэшкі з кашальком, згубіць саму флэшку. Згубіць на курсе, таму што ён узляцеў уверх, ты ўсё прадаў, а ён далей ляціць уверх... 

Вельмі гэта нервовая справа — чакаць біткоін за мільён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі