“No one cares about coronavirus”: што ў еўразоне пішуць пра беларускі футбол
Матч "Энергетык-БДУ" — БАТЭ / vk.com/energetikbgu
Увага ўсіх футбольных заўзятараў Еўропы накіравана на Беларусь. Глядзець ім больш няма куды: наша краіна — адзіная на кантыненце, у якой працягваецца нацыянальны чэмпіянат.
Як гэта — раптам пераключыцца з англійскай прэм'ер-лігі на матч "Энергетык-БДУ" — БАТЭ, а замест трансляцый з "Сан-Сіра" бачыць сціплы мінскі стадыён на вуліцы Сямашкі? Мусіць, кроў з вачэй?
Мы паглядзелі, што пра чэмпіянат Беларусі па футболе пішуць прэса і фанаты з Еўропы (ну, з тых краін, дзе крутыя чэмпіянаты).
Цытата дня
Для пачатку — словы, якія за апошні тыдзень цытавалі практычна па ўсім свеце.
"У нас у краіне абвешчана надзвычайнае становішча? Не. Суседзі межы закрылі — калі ласка. У нас жа пакуль перадумоў для гэтага няма. Вы ведаеце колькасць заражаных, колькі пад падазрэннем, колькі вылечыліся. Крытычнай сітуацыі няма. Вось і вырашылі, што пачынаем чэмпіянат своечасова".
Гэта Уладзімір Базанаў, кіраўнік асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола". Усе еўрапейскія краіны спынілі чэмпіянаты. Ліга чэмпіёнаў і Ліга Еўропы прыпыненыя. Беларусь гуляе. І становіцца адзінай аддушынай для футбольных фанатаў Еўропы.
"Чаму Дынама? Лёгка: іх стадыён цудоўны"
Калумніст выдання Emerging Europe Крэйг Турп тлумачыць, што праз каранавірус усё, што засталося фанатам футбола, гэта аддацца настальгіі: "Калі лігі закрытыя ўсюды, многія звяртаюцца да пошуку на "Ютубе" класічных матчаў з мінулага ў якасці спосабу аслабіць ломку".
Там жа ён задаецца пытаннем: ці была калі-небудзь вялікая цікавасць да прэм'ер-лігі Беларусі? І адказвае: "Амаль напэўна не":
"У чацвер, аднак, мы нарэшце ўбачылі сапраўдны футбол, бо вышэйшая ліга Беларусі пачала сезон 2020 года матчам паміж "Энергетык-БДУ" (Мінск) і БАТЭ (Барысаў)".
Паколькі беларускі футбол, лічыць Крэйг Турп, у найбліжэйшай будучыні стане адзінай крыніцай спорту для Еўропы, ён вырашыў выбраць беларускі клуб, за які будзе хварэць. І выбраў — "Дынама-Мінск":
"Чаму Дынама? Лёгка: іх стадыён цудоўны. Вельмі часта, калі футбольныя клубы рамантуюць або перабудоўваюць старыя стадыёны, усе сляды мінулага сціраюцца. "Дынама" змяніў тэндэнцыю рамонту і захаваў цудоўныя аркі арыгінальнага стадыёна, пабудаванага ў 1934 годзе. Толькі за гэта яны атрымліваюць мой голас".
Добры дзень, Месі
Брытанскі таблоід The Sun звязаўся з беларускім паўабаронцам Аляксандрам Глебам, якога ў Англіі памятаюць па выступах за "Арсенал" і "Бірмінгем". Глеб вырашыў не скромнічаць і стварыў міф пра непрыступную для каранавіруса беларускую вышэйшую лігу: "No one cares about coronavirus in Belarus"!
"Цяпер увесь свет сочыць за беларускай лігай. Усе павінны пайсці да свайго тэлевізара і ўбачыць нас. Калі НХЛ закрыла сезон, многія хакеісты адправіліся гуляць у Расію. Магчыма, Ліянэль Месі і Крыштыяну Раналду могуць прыехаць на чэмпіянат Беларусі, каб працягнуць. Як лічыце?"
Журналіст The Sun піша пра футбол — і як быццам не верыць сваім словам: "Энергетык-БДУ" вынес 3:1 самы паспяховы клуб у краіне на вачах у 730 фанатаў — гэта стадыён дзяржаўнага ўніверсітэта быў напалову запоўнены".
Выбару не было
Associated Press таксама не змагла абысці бокам распачаты ў Беларусі чэмпіянат:
"У еўрапейскіх заўзятараў у чацвер вечарам быў выбар: Беларусь, гульні чэмпіянату штатаў Бразіліі або таварыскі матч паміж двума шведскімі клубамі чацвёртага ўзроўню. Аўстралійскія спаборніцтвы па розных відах спорту ўсё яшчэ працягваюцца на пустых стадыёнах, але розніца ў часе робіць іх цяжкадасягальнымі для многіх".
У баку не засталіся і карыстальнікі "Твітэра". Яны пачалі жыва выбіраць каманды, арыентуючыся толькі на эмблемы або колеры. Так адзін выбраў сабе ФК "Нёман" (Гродна).
Другому спадабалася назва "Тарпеда-БелАЗ".
belarusian premier league. better than nothing.
— ballreiter (@ballreiter) March 19, 2020
teams with „torpedo“ in its name are great, so I go with fk torpedo-belaz!https://t.co/wexJnaBSPT pic.twitter.com/hpp0ocp5Bo
На салодкае
Вы не паверыце: афіцыйны акаўнт сеткі Cinnabon у Егіпце агітуе купляць іх салодкую выпечку для прагляду матчаў беларускай вышэйшай лігі.
Спартыўны рэдактар The Sun задаецца пытаннем: "Дзе б мы былі без беларускай прэм'ер-лігі?"
Song 2 is playing out of a very clunky speaker system.
— Sam Street (@samstreetwrites) March 21, 2020
Where would we be without the Belarusian Premier League? pic.twitter.com/4sHBopm1nv
І ў іх яшчэ ставала духу жартаваць:
— Ма-а-а-ам, пераключы канал!
2020: замежнікі гадаюць, хто пераможа ў беларускай прэм'ер-лізе. Выбіраюць, за каго хварэць: "Віцебск" ці БАТЭ.
А вось чалавек прызнаецца, што яму падабаецца (ШТО?) беларуская прэм'ер-ліга:
Can I just shock you? I like the Belarusian premier league pic.twitter.com/cO6L2h2BtK
— euan_cfc (@euan__cfc) March 21, 2020
Такога ажыятажу наша вышэйшая ліга ніколі не бачыла. Без жартаў, уся Еўропа глядзіць, прымаюцца стаўкі на аматарскія матчы, якія праходзяць у Беларусі, а футбольныя фанаты спрабуюць вымавіць слова "Шахцёр" (Салігорск) з італьянскім, іспанскім і французскім акцэнтам. У найбліжэйшай будучыні для аматараў футбола ў Еўропе іншай альтэрнатывы не будзе.
Таму смела заказвайце сабе шалікі і майкі з эмблемамі беларускіх клубаў, пакуль яшчэ можна. Збірайцеся на сумесныя прагляды матчаў у анлайн-барах. І спадзявайцеся на тое, што Беларусь не прыпыніць чэмпіянат. Таму што Аляксандр Глеб сказаў: "No one cares about coronavirus in Belarus". А Аляксандр Глеб не памыляецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.