Новы Беларускі хаб у Варшаве: што гэта такое і як карыстацца

Новы Беларускі хаб у Варшаве: што гэта такое і як карыстацца

28 лістапада ў Варшаве адкрыўся Беларускі хаб. Цяпер у Польшчы, куды пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, па афіцыйных звестках, пераехала больш за 150 тысяч беларусаў, ёсць прастора, прыязная для розных беларускіх ініцыятыў і арганізацый, дзе можна ладзіць выставы, канцэрты і проста збірацца для сумеснай працы на карысць Радзіме.

“Беларускі хаб — гэта агульны праект Беларускага моладзевага хаба і Linking Media, якія даўно ўжо дапамагаюць беларусам у Польшчы і не збіраюцца спыняцца”, — распавядае ў інтэрв’ю Еўрарадыё адзін з заснавальнікаў новай прасторы Аляксандр Лапко.  

Новы Беларускі хаб у Варшаве: што гэта такое і як карыстацца
Аляксандр Лапко / архіў

Еўрарадыё: Як з’явілася ідэя стварэння хаба?

Аляксандр Лапко: Гэта адбылося яшчэ летам 2020 года. Спачатку беларускія актывісты (у асноўным гэта былі студэнты) адкрылі Беларускі моладзевы хаб. Асацыяцыя падтрымлівае моладзь, якая з’язджае ў Польшчу праз рэпрэсіі ў Беларусі. Праца пачалася яшчэ да выбараў, бо вялікія рэпрэсіі ў Беларусі былі яшчэ вясною 2020-га. Мы бачылі, што кожнаму, хто прыязджаў сюды, неабходна падтрымка, і, як маглі, разам з нашымі сябрамі і партнёрамі займаліся гэтым пытаннем.

З цягам часу стала зразумела, што дзейнасць моладзевага хаба трэба пашыраць, бо, натуральна, з Беларусі з’язджаюць не толькі студэнты, але і шмат іншых людзей, у якіх на радзіме былі свае праекты. Спатрэбілася прастора, куды б чалавек змог прыйсці ды працягнуць сваю дзейнасць. Трэба было даць людзям такую магчымасць, каб яны не спыняліся толькі таму, што былі вымушаны з’ехаць з краіны. 

Зразумела, што з Беларусі выціскаюць найбольш актыўных. Калі ў 2020 годзе гэта было кропкавым выцісканнем, у 2021-м — стала сістэмным. Шмат хто выехаў пасля закрыцця амаль усіх НДА. Актывістам давалі суткі, заводзілі на іх крымінальныя справы, працаваць у роднай краіне стала немагчыма.  

Новы Беларускі хаб у Варшаве: што гэта такое і як карыстацца
Беларускі моладзевы хаб / архіў
Новы Беларускі хаб у Варшаве: што гэта такое і як карыстацца
Падрыхтоўка да адкрыцця / архіў
Новы Беларускі хаб у Варшаве: што гэта такое і як карыстацца
Хаб сустракае сяброў / архіў

Еўрарадыё: Дзе ў выніку адкрыўся Беларускі хаб і хто дапамог?

Аляксандр Лапко: Арганізацыя змясцілася на плошчы Канстытуцыі, 6, у цэнтры Варшавы. Праца над тым, каб менавіта гэтае памяшканне стала беларускім, пачалася ў траўні 2021 года. Мы вельмі цесна супрацоўнічалі з варшаўскай мэрыяй, з бурмістрам цэнтральнага раёна горада. 

Месца сімвалічнае. У 1989 годзе тут была штаб-кватэра Незалежнага самакіроўнага прафсаюза “Салідарнасць”. Адсюль пачыналася вялікая справа па трансфармацыі і дэмакратызацыі Польшчы. І вось, каб працягнуць традыцыю, а дух салідарнасці і перамогі дэмакратыі з’явіўся і ў беларусаў, была прапанаваная гэтая пляцоўка. 

Канешне, праз тое, што месца гістарычнае, мы сутыкнуліся з польскай бюракратыяй: трэба было атрымаць дазвол не проста на ўзроўні раёна, а на ўзроўні мэрыі і Міністэрства культуры. Гэта зацягнулася: толькі ў сярэдзіне кастрычніка мы атрымалі ключы і пачалі рамонт у Беларускім хабе. Пачалі шукаць мэблю, праводзіць электрычнасць. 

Шкада, але гэта ўсё робіцца не за адзін дзень, і, канешне, праз пандэмію былі абмежаванні па хуткасці. Калі, напрыклад, лічыльнік электрычнасці могуць паставіць толькі праз месяц, увесь гэты час ты не можаш працаваць. Але і гэта нас не спыніла. 

Каб пачаць праводзіць курсы “Мова НАНОВА дзеткам”, мы набылі 50-метровы падаўжальнік, кінулі на другі паверх, павесілі гірлянды. Нібы без святла, але ў святочным настроі дзеткі займаліся беларускай мовай.

Новы Беларускі хаб у Варшаве: што гэта такое і як карыстацца
“Мова НАНОВА дзеткам” / архіў
Новы Беларускі хаб у Варшаве: што гэта такое і як карыстацца
Атмасфера на занятках / архіў

Еўрарадыё: Як успрыняла хаб беларуская дыяспара і хто да вас ужо прыйшоў?

Аляксандр Лапко: Адразу, як у нас усё закруцілася і запрацавала, у хабе пачалі збірацца розныя ініцыятыўныя людзі. Яны пабачылі, што самі могуць ствараць гэтую прастору і быць тут гаспадарамі. Мы прытрымліваемся правіла: тыя, хто працуе ў Беларускім хабе, — не госці, а яго галоўныя творцы.

Новы Беларускі хаб у Варшаве: што гэта такое і як карыстацца
Актуальная афіша / архіў

Еўрарадые: Як бачыш хаб у развіцці і якія ўмовы для працы там ёсць цяпер?

Аляксандр Лапко: Прастора адкрытая для розных людзей і ініцыятыў. Галоўная ўмова — каб яны працавалі на карысць Беларусі і беларусаў. 

Можна карыстацца ўсімі рэсурсамі. Ёсць шмат невялікіх пакойчыкаў, а таксама — тэатральная зала. Напрыклад, дзяўчаты з ART-Revolution здымалі тут фільм і рабілі прэм’еру. У Беларускім хабе ёсць тэхніка: праектар, калонка… Калі трэба правесці нейкую сустрэчу, можна звярнуцца да адміністрацыі, зарэзерваваць вольны пакой. 

Трэба ўлічваць, што зараз ужо каля дзесяці ініцыятыў і арганізацый працуе на базе хаба, тым не менш у першай палове дня амаль усе памяшканні не распісаныя.

Новы Беларускі хаб у Варшаве: што гэта такое і як карыстацца
Беларускія актывісты / архіў
Новы Беларускі хаб у Варшаве: што гэта такое і як карыстацца
Warsaw Freedom Orchestra / архіў

Еўрарадые: Файна, што ў Варшаве ёсць месца, дзе беларусы могуць гуртавацца, дзяліцца ідэямі…

Аляксандр Лапко: Такі нэтворкінг… Гэта і калектывы, і сувязі, якія будуць карысныя не толькі тут, але і па вяртанні ў Беларусі. Сёння гэтым людзям патрэбна падтрымка, і мы гатовыя дапамагчы. А пасля ўжо яны будуць так дапамагаць іншым. Вось такая ідэя. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі