Онкамамолаг: Тое, што пагражае жыццю, часцей за ўсё не баліць
Фота з сацыяльных сетак
39-гадовая беларуская актрыса і спявачка Ганна Хітрык прызналася ў сваім Facebook, што змагаецца з ракам малочнай залозы трэцяй ступені. Аня прайшла некалькі курсаў хіміятэрапіі, наперадзе лячэнне і аперацыя.
"А потым валасы адрастуць, страх сыдзе, і я вярнуся да вас моцная..." — напісала Хітрык, і мы ўпэўненыя, што так яно і будзе.
Пост Ані прымусіў нас звярнуцца да вядомага беларускага онкамамолага Леаніда Путырскага. Леанід Аляксеевіч расказвае, што мусіць рабіць сучасная жанчына, каб кантраляваць сітуацыю і выявіць рак на пачатковай стадыі.
Жанчыны пасля 30 павінныя праходзіць два абследаванні: самаабследаванне і УГД
Еўрарадыё: Жанчыны ад 50 гадоў могуць зрабіць скрынінг раку малочнай залозы ў паліклініках. Якія абследавання і як часта павінныя праходзіць жанчыны ва ўзросце ад 30 да 50 гадоў, каб своечасова распазнаць хваробу?
Леанід Путырскі: Скрынінг малочнай залозы робяць з 50 гадоў, таму што мамаграфія — гэта рэнтгенаўскае даследаванне, якое ў маладым узросце праз шчыльнасць малочнай залозы не мае дыягнастычнай каштоўнасці. Мэта мамаграфіі — ранняе выяўленне "маленькіх ракаў". Але мамаграфія — гэта ўсё ж такі апрамяненне, і калі яго робяць жанчынам да 50 гадоў, яно павялічвае пашкоджанне малочнай залозы.
Жанчыны пасля 30 гадоў павінныя праходзіць два даследаванні. Па-першае, самаабследаванне. Прыкладна 70% жанчын самі знаходзяць у сябе ўтварэнні, проста ім трэба ведаць, як правільна гэта рабіць. Другое — трэба паказвацца доктару і рабіць УГД. Ультрагукавы метад для маладых жанчын эфектыўнейшы, чым мамаграфія. Сусветны вопыт кажа, што да 40 гадоў УГД трэба рабіць раз на год, пасля 40 — кожныя паўгода. Прычым УГД можна рабіць і ў 50, і ў 70 гадоў — у прамежках паміж мамаграфіямі, паколькі мамаграфію робяць раз на два гады. Часцей гэта рабіць не варта, паколькі сама працэдура з'яўляецца прамянёвым пашкоджаннем малочнай залозы: малыя дозы маюць уласцівасць назапашвацца і таксама негатыўна ўплываць на здароўе.
Самастойны агляд жанчына павінная рабіць кожны месяц. Першы тыдзень пасля месячных — самы зручны час для гэтага. Трэба стаць перад люстэркам, апусціць рукі і паглядзець на стан грудзей. Калі ўсё ў парадку, грудзі не мяняюць форму, скура гладкая — без ямак, пачырванення і ацёчнасці, саскі не ўцягнутыя, на бялізне няма выдзяленняў, асабліва крывяністых. Пасля гэтага трэба падняць рукі ўверх і пераканацца, што ў гэтым становішчы контуры грудзей засталіся авальнымі і роўнымі. Затым адну руку трэба паставіць на пояс, а пальцамі другой перабіраць паралельнымі рухамі зверху ўніз (пачынаць можна з любога краю) і сачыць, каб пад пальцамі не было, як кажуць жанчыны, гарошын, сліваў, праснакоў, арэхаў. Гэта значыць, грудзі павінныя быць раўнамерныя па шчыльнасці, а любая пухліна — гэта ўшчыльненне, якое паступова расце. Затым трэба легчы на спіну: адну руку пакласці за галаву, а пальцамі другой перабіраць па коле. Седзячы або стоячы звычайна добра прамацваюцца верхнія аддзелы грудзей. Ніжнія зручна правяраць у становішчы лежачы: перабіраць ад перыферыі да саска па радыусах і заадно паглядзець яшчэ раз і верхнія аддзелы, паколькі седзячы і лежачы гэта па-рознаму выглядае. Паглядзелі грудзі, пераканаліся, што ўшчыльненняў няма, — жывіце спакойна, раз на паўгода наведвайце доктара. Калі знайшлі ўшчыльненне — адразу ідзіце да доктара.
Нервовы фактар уплывае на рызыку ўзнікнення раку малочнай залозы
Еўрарадыё: Наколькі інфарматыўныя аналізы на онкамаркёры раку малочнай залозы? Калі вынікі аналізу добрыя, можна не турбавацца?
Леанід Путырскі: Не. Онкамаркёры тыпу СА 15-3 не з'яўляюцца маркёрамі раку малочнай залозы. Мэта гэтага маркёра крыху іншая. Для ранняй дыягностыкі раку ні адзін мамолаг, які паважае сябе, не будзе грунтавацца на вынікі аналізу на онкамаркёры. Жанчынам трэба выконваць менавіта тое, пра што мы казалі вышэй.
Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што раздражняльнасць таксама можа служыць прыкметай анкалогіі. Ці так гэта?
Леанід Путырскі: У такім выпадку ўсе беларусы хворыя на рак (смяецца). Гэта глупства. Іншая рэч, што нервовы фактар уплывае на рызыку ўзнікнення раку малочнай залозы. Да прыкладу, жанчыны-настаўнікі, жанчыны-кіраўнічкі ў гарадах часцей хварэюць на рак малочнай залозы, чым жыхаркі сельскай мясцовасці, у якіх менш стрэсавых сітуацый і нервовасці. Прычын узнікнення гэтай хваробы шмат. Але галоўныя — гэта нервовы і гарманальны фактары і навакольны свет: маю на ўвазе ўзрост, спадчыннасць, харчаванне, навакольнае асяроддзе і г.д.
Тое, што ў грудзях баліць, часцей за ўсё жыццю не пагражае
Еўрарадыё: Калі баляць грудзі — ці трэба ісці да доктара? Ад чаго яны могуць балець?
Леанід Путырскі: Калі грудзі ніколі не балелі, а тут нечакана з'явіліся болі, вядома, трэба паказацца доктару. Хай гэта будзе ілжывая трывога, але потым можна спакойна жыць. Доктар або супакоіць, або прызначыць лекі. На шчасце, тое, што ў грудзях баліць, часцей за ўсё жыццю не пагражае. Тое, што пагражае жыццю, часцей за ўсё не баліць. Боль у грудзях могуць правакаваць розныя прычыны: стрэс, гарманальны збой, змена надвор'я... Многія прычыны могуць выклікаць боль у грудзях. Але ва ўсім павінен разбірацца доктар.
Еўрарадыё: У чым розніца паміж першай і трэцяй стадыямі раку малочнай залозы?
Леанід Путырскі: Першая — гэта пачатковая стадыя раку, калі пухліна не перавышае двух сантыметраў і ў лімфатычных вузлах няма метастазаў. Для трэцяй стадыі, як правіла, характэрная пухліна больш за пяць сантыметраў, наяўнасць хоць бы адной падпахавай метастазы. Чацвёртая стадыя — гэта калі з'яўляюцца аддаленыя метастазы, калі клеткі пухліны трапілі ў лёгкія, печань, у мозг, і там пачынаюць расці даччыныя пухліны. Чым старэйшая пухліна, тым складаней лячыць. Таму я заклікаю знаходзіць спецыяліста, лепш за ўсё анколага-мамолага, каб не прапусціць пачатак хваробы, бо жыццё — самае дарагое, што ў нас ёсць.