Выбары ў Польшчы: апазіцыя перамагае па дадзеных экзітпол

Лідар партыі "Закон і справядлівасць" (PiS) Яраслаў Качыньскі

Лідар партыі "Закон і справядлівасць" (PiS) Яраслаў Качыньскі / Reuters

Па выніках парламенцкіх выбараў, якія ўчора адбыліся ў Польшчы, апазіцыя мае шанец пераняць уладу. Пра гэта сведчаць вынікі экзітполаў, якія прыводзіць Onet.pl.

Большасць галасоў атрымала кіруючая партыя "Закон і справядлівасць" (PiS) Яраслава Качыньскага – 36,8%, але гэтага не дастаткова, каб сфармаваць большасць у парламенце. Для гэтага неабходна 231, а PiS можа разлічваць на 200 мандатаў. Тым часам у апазіцыйных партый агулам атрымліваецца 248 месцаў. За "Грамадзянскую кааліцыю" Дональда Туска прагаласавалі 31,6% выбаршчыкаў. Гэтая партыя можа атрымаць 163 мандаты. Разам з ліберальна-кансерватыўнай кааліцыяй "Трэці шлях", якую падтрымалі 13%, і Левай кааліцыяй (8,6%) партыя Туска можа атрымаць у парламенце 248 месцаў. А разам з гэтымі месцамі права фармаваць урад.

"Я быў палітыкам шмат гадоў. Я спартсмен. Ніколі ў жыцці я не быў так рады таму, што заняў, здавалася б, другое месца. Польшча перамагла. Дэмакратыя перамагла. Мы адхілілі іх (партыю "Права і справядлівасць" - рэд.) ад улады", — ужо заявіў Дональд Туск. 

Між тым дзейны прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі таксама заявіў пра гатоўнасць сфармаваць урад. "Традыцыйна прэзідэнт даручае фармаванне ўрада партыі, якая паказала найвышэйшы вынік. Мы створым стабільны ўрад, які зможа правесці Польшчу праз розныя нягоды", — сказаў Маравецкі.

Афіцыйныя вынікі выбараў будуць апублікаваныя пасля апрацоўкі ўсіх бюлетэняў, але ў Польшчы гэтыя звесткі мала адрозніваюцца ад вынікаў экзітполаў. Варта таксама адзначыць, што на гэтых парламенцкіх выбарах была зафіксаваная рэкордная для Польшчы яўка — 72,9%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі