Падчас “лялечнага” фестывалю лепшай трупе ўручаць бервяно

З 24 па 30 траўня ў Мінску пройдзе VI Беларускі міжнародны фестываль лялечных тэатраў. Сярод сёлетніх удзельнікаў тэатральнага форуму трупы з Латвіі, Славеніі, Украіны, Бельгіі, Эстоніі, Польшчы. Па словах дырэктара Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксея Ляляўскага, адметнасць сёлетняга фестывалю заключаецца ў тым, што адна з яго частак будзе прысвечана лялечнаму мастацтву Расіі. Апроч таго, сёлетні фестываль павінен усталяваць традыцыі, якія будуць спадарожнічаць будучым фэстам.

Аляксей Ляляўскі: “Традыцыя – бервяно. Таму што эмблемай нашага фестывалю з’яўляецца Бураціна, а Бураціна, як вядома, зроблены быў з кавалка дрэва. А па-другое, напрыканцы фестывалю мы будзем уручаць гэты вялікі кавалак дрэва, каб лепшы, на нашу суб’ектыўную думку, калектыў зноў змог прыехаць у Мінск”.

Паводле Ляляўскага, частка наступнага мінскага лялечнага форуму, які адбудзецца ў 2012 годзе, будзе прысвечана нямецкім лялечным тэатрам.

На 4 мінскіх тэатральных пляцоўках  тэатра лялек, Купалаўскага тэатра, тэатра імя Горкага і Новага тэатра, гледачы змогуць пазнаёміцца з пастаноўкамі “Лялечны балаганчык” і “Дон Жуан у Венецыі”(Расія), “Папялушка. Урыўкі з дзённіка”(Славенія), “Хітрая лісічка і неразумны воўк”(Латвія) і іншымі спектаклямі для дзяцей. У фэсце возьмуць таксама ўдзел працы беларускіх абласных лялечных тэатраў: “Русалачка”(Брэст), “Чаму старэюць людзі”(Мінск), “Канёк-гарбунок”(Маладзечна) і іншыя.

Апроч дзённай праграмы, арганізатары фестывалю прыдумалі і вечаровыя клубныя імпрэзы.

Аляксей Ліляўскі: “Па вечарах мы арганізавалі клубную праграму, для таго, каб наведвальнікі фестывалю, удзельнікі, госці змаглі пазнаёміцца не толькі з лялечным мастацтвам, але і з творчасцю музычных гуртоў, звязаных з тэатрам”.

Сярод гуртоў-выступоўцаў – “Нагуаль”, “Port Mone” – гурты, якія неаднойчы супрацоўнічалі з мінскім тэатрам лялек, а таксама замежнымі тэатрамі, каманды Hoha-band – аўтары музыкі да дзіцячага мультфільма, “Рэха”, “Или-или” – акцёры Купалаўскага тэатра і іншыя.
Пазнаёміцца з афішай VI Беларускага міжнароднага фестывалю лялечных тэатраў можна тут.

Фота: www.puppet-minsk.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі