Паліцыя правярае магчымасць дыверсіі ў лонданскім аэрапорце "Хітроў"

Пажар на электрападстанцыі ўдалося ўзяць "пад кантроль" толькі раніцай

Пажар на электрападстанцыі ўдалося ўзяць "пад кантроль" толькі раніцай / bbc.com

Паліцыя правярае магчымасць дыверсіі ў лонданскім аэрапорце "Хітроў". Да расследавання падключылася контртэрарыстычная паліцыя. З-за пажару на падстанцыі, якая забяспечвае аэрапорт электрычнасцю, ён застанецца закрытым да 23:59 21 сакавіка, паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Прычына пажару невядомая (пажарныя распавялі, што загарэўся трансфарматар). Здарэнне адбылося ў ноч на пятніцу. Аэрапорт афіцыйна зачынілі з другой гадзіны ночы. Толькі каля 9-й гадзіны раніцы пажарныя паведамілі, што пажар на электрападстанцыі ўдалося ўзяць "пад кантроль". У трансфарматары знаходзілася 25 тысяч літраў астуджальнага алею — ён амаль цалкам выгарэў.

Адзначаецца, што пакуль няма даных, якія б сведчылі пра магчымы тэракт. Аднак, як піша The Times, рэзервовы генератар, які павінен быў бы забяспечыць працу аэрапорта, таксама быў пашкоджаны. Міністр энергетыкі Вялікабрытаніі Эд Мілібэнд лічыць, што пажар быў "незвычайным" і "беспрэцэдэнтным". Паводле першапачатковых звестак, аварыя носіць "тэхнічны характар". Аднак расследаванне працягваецца.

"Хітроў" — найбуйнейшы аэрапорт Лондана і самы загружаны ў Еўропе. Дзясяткі авіякампаній былі вымушаныя адмяніць свае рэйсы ў Лондан і з яго з-за пажару. Паводле ацэнкі Reuters, закранутыя амаль 700 рэйсаў.

Паліцыя правярае магчымасць дыверсіі ў лонданскім аэрапорце "Хітроў"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.