Палітвязня Мікалая Статкевіча вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру

Мікалай Статкевіч на мітынгу ў траўні 2020 года / Еўрарадыё
На Нобелеўскую прэмію міру вылучаны беларускі палітвязень Мікалай Статкевіч. Пра гэта ў сацсетках напісаў Яўген Вільскі, выканаўца абавязкаў старшыні партыі "Народная Грамада".
Кандыдатуру Статкевіча, паводле яго, вылучыў літоўскі еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус.
"Дэпутат Еўрапейскага парламента Пятрас Аўштравічус зарэгістраваў лідара беларускай апазіцыі М. Статкевіча кандыдатам на прысваенне Нобелеўскай прэміі міру. Вар'яцкая работа ў аўральным парадку па зборы матэрыялаў была праведзена камандай Народнай Грамады. І мы паспелі да заканчэння тэрміну прыёму заявак", — паведаміў Вільскі.
Лідар "Народнай грамады" Мікалай Статкевіч быў затрыманы 20 чэврвеня 2022 года па дарозе на выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Яго асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Ад лютага 2023 года Статкевіча трымаюць у рэжыме інкамунікада — без сувязі з роднымі і знешнім светам.
Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год стаў іншы беларускі палітвязень — праваабаронца Алесь Бяляцкі. Ён атрымаў прэмію разам з расійскай арганізацыяй "Мемарыял" і Украінскім цэнтрам грамадзянскіх свабодаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.