Палітычныя справы схавалі ў статыстыцы аб судах за 2024 год

Вярхоўны суд

Вярхоўны суд / Euroradio

У Вярхоўным судзе схавалі статыстыку па палітычна матываваных справах за 2024 год. Звесткі пра крымінальныя справы, разгледжаныя летась судамі агульнай юрысдыкцыі, апублікавала прэс-служба Вярхоўнага суда.

Летась суды агульнай юрысдыкцыі вынеслі прысуды па 29 162 крымінальных справах. Асуджана па іх было 31 410 чалавек.

Прэс-служба суда разбіла злачынствы па катэгорыях. Напрыклад, за злачынствы супраць жыцця і здароўя асудзілі 1 974 чалавек, у тым ліку 174 — за забойства. 487 чалавек былі асуджаныя за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды, у тым ліку за згвалтаванне — 50. За злачынствы супраць уласнасці прысуды атрымалі 10 757 чалавек, у тым ліку 6979 — за крадзеж.

Загадваюцца і злачынствы супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці — паводле іх асудзілі 3285 чалавек. У гэтую групу ўваходзяць артыкулы аб хуліганстве, загадзя ілжывым паведамленні аб небяспецы, пашкоджанні маёмасці, а таксама — аб грубым парушэнні грамадскага парадку (артыкул 342 КК, паводле якога часта судзяць палітычных). Але ў статыстыцы прыводзіцца толькі колькасць асуджаных за хуліганства — 1996 чалавек, заўважыў сайт Reform.news.

У групу злачынстваў супраць парадку кіравання трапляюць папулярныя "экстрэмісцкія" артыкулы пра абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, паклёп, здзек з дзяржсімвалаў. Падрабязная статыстыка па гэтай групе адсутнічае.

Звесткі па палітычных справах накшталт распальвання варожасці, масавых беспарадкаў, заклікаў да дзеянняў супраць нацбяспекі, здрады дзяржаве ёсць толькі ў статыстыцы па асуджаных непаўналетніх. Летась прысуды атрымалі 593 падлеткі. Колькі дарослых судзілі па гэтых артыкулах, Вярхоўны суд замоўчвае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.