Памерла маці палітвязня Вітольда Ашурка

Алена Міронаўна Ашурак на развітанні з сынам

Алена Міронаўна Ашурак на развітанні з сынам / svaboda.org

У Бярозаўцы ў 86-гадовым узросце памерла Алена Міронаўна Ашурак — маці палітвязня Вітольда Ашурка.

Як паведамляе Радыё "Свабода", Алена Ашурак сышла з жыцця 27 траўня. Яна перажыла сына Вітольда на тры гады.

Стан здароўя Алены Міронаўны апошнія гады пагоршыўся: ёй было цяжка хадзіць, у тым ліку наведваць магілу сына.

Актывіст Партыі БНФ Вітольд Ашурак (1970-2021) стаў лідарам пратэстаў у Бярозаўцы падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. У студзені 2021 года яго асудзілі закрытым судом на 5 гадоў калоніі. Вітольда вінавацілі ў "арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК) і ў тым, што ён нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (арт. 364 КК). Праваабаронцы прызналі Ашурка палітвязнем.

21 траўня таго ж года сваякам паведамілі, што Вітольд Ашурак памёр ад "спынення сэрца" ў шклоўскай калоніі. Яго цела сваякам аддалі з цалкам забінтаванай галавой. У дакументах прычыну смерці не назвалі.

Сваякі мяркуюць, што Вітольда забілі ў калоніі.

Дзень смерці Вітольда Ашурка стаў Днём салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, які адзначаецца штогод.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі