25 траўня памерла Вольга Завадская, маці зніклага журналіста Дзмітрыя Завадскага. Некалькі гадоў таму ў яе дыягнаставалі анкалагічнае захворванне, у апошнія гады яна была прыкаваная да інваліднага вазка.
Дзмітрый Завадскі быў асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі. Пазней разам з Паўлам Шараметам ён працаваў для Грамадскага расійскага тэлебачання (Першы канал). У 1997-м іх арыштоўвалі за незаконнае перасячэнне беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак сюжэта. Быў умоўны тэрмін пакарання. У канцы 1990-х Завадскі і Шарамет рабілі фільм пра вайну ў Чачні. Дзмітрый Завадскі знік 7 ліпеня 2000 года, калі паехаў на аўтамабілі ў нацыянальны аэрапорт Мінск сустракаць Паўла Шарамета. З таго часу яго ніхто не бачыў. Яго цела дагэтуль не знайшлі, нягледзячы на тое, што яшчэ ў 2002-м былі асуджаны людзі, якіх прызналі вінаватымі ў выкраданні — група Валерыя Ігнатовіча, былога байца спецпадраздзялення МУС. Ігнатовіч быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Праз год суд прызнаў Дзмітрыя Завадскага памерлым.