Памілаваныя палітвязні былі асуджаныя за абразы ў інтэрнэце — генпракурор

Палітвязні, ілюстрацыйнае фота

Палітвязні, ілюстрацыйнае фота / shutterstock / Fanni_2021

30 памілаваных сёння палітвязняў былі асуджаныя пераважна па абвінавачанні ў абразе і паклёпе ў інтэрнэце. Пра гэта заявіў генпракурор Андрэй Швед у каментары АТН.

"Былі вывучаны ўсе наяўныя матэрыялы, у тым ліку і крымінальных спраў, матэрыялы, звязаныя з паводзінамі ў месцах пазбаўлення волі гэтых асоб. Членамі камісіі ўлічваліся іншыя абставіны: узрост, чыстасардэчнае раскаянне, запэўненне гэтых асоб у тым, што яны ў далейшым будуць няўхільна выконваць законы нашай краіны, стан іх здароўя і іншыя абставіны.

Мы таксама ўлічылі той факт, што ўсе гэтыя асобы не здзяйснялі гвалтоўнае злачынства супраць прадстаўнікоў улады. Яны былі асуджаныя ў асноўным за абразу і паклёп у інтэрнэт-прасторы", — расказаў генпракурор.

Таксама Швед анансаваў, што на наступным пасяджэнні камісія пад яго кіраўніцтвам будзе разглядаць яшчэ заявы палітвязняў, якія падалі хадайніцтва пра памілаванне. ("Камісія Шведа" была першапачаткова створаная для разгляду заяваў палітэмігрантаў, якія захочуць вярнуцца на радзіму. Але патоку заяваў так і не было, таму камісія спачатку стала разглядаць заявы спартоўцаў, якія трапілі ў "чорны спіс" за сваю грамадзянскую пазіцыю, а цяпер — і хадайніцтвы палітвязняў.)

Сёння стала вядома пра памілаванне яшчэ 30 палітвязняў — гэта 7 жанчын і 23 мужчыны. Іх прозвішчы не называюцца.

Праваабаронцы налічваюць у Беларусі яшчэ больш за 1300 палітвязняў. Насамрэч колькасць людзей, якія трапілі за краты па палітычных прычынах, перавышае гэтую лічбу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі