У Беларусі памілаваныя яшчэ 30 палітвязняў
У Беларусі больш за 1300 палітвязняў
У Беларусі памілаваныя яшчэ 30 палітвязняў. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. У ім яны называюцца "асуджанымі за злачынствы пратэстнай накіраванасці". Прэс-служба Лукашэнкі піша пра "гуманны жэст у дачыненні да гэтых людзей", якія "атрымалі шанец вярнуцца да нармальнага жыцця, да сям'і і працы".
Сярод памілаваных палітвязняў 7 жанчын і 23 мужчыны. Як і ў мінулы раз, іх прозвішчы не называюцца. Адзначаецца, што большасць з іх з'яўляюцца бацькамі непаўналетніх і малалетніх дзяцей.
Сцвярджаецца, што справы гэтых людзей вывучала сумнавядомая камісія пад кіраўніцтвам генпракурора Андрэя Шведа (яна займаецца заявамі ад беларусаў, якія пакінулі краіну праз рэпрэсіі ці "рэабілітуе" спартсменаў у РБ). І яны нібыта напісалі хадайніцтвы аб памілаванні, прызналі віну і "далі абяцанне весці законапаслухмяны лад жыцця".
Папярэдні ўказ аб памілаванні 30 палітычных зняволеных быў падпісаны 16 жніўня. Імёны васьмі вызваленых палітвязняў дагэтуль невядомыя праваабаронцам.
У РБ налічваецца больш за 1300 палітычных зняволеных, прызнаных праваабаронцамі. Насамрэч іх значна больш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.