У Беларусі захоўваецца крытычна высокі ўзровень рэпрэсій — "Вясна"
Не ўсе выпадкі рэпрэсій вядомыя праваабаронцам (ілюстрацыйнае фота)
Праваабаронцы з "Вясны" падрыхтавалі агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні. Яны пішуць, што ў нашай краіне "захоўваецца крытычна высокі ўзровень рэпрэсій".
На 31 жніўня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваліся 1376 палітвязняў (сярод іх 177 жанчын і не менш за 15 чалавек з інваліднасцю). У мінулым месяцы праваабаронцы прызналі палітвязнямі 52 чалавекі. 16 з іх былі затрыманыя і пазбаўленыя волі "за рэалізацыю свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркавання". Вядома пра 30 палітвязняў, якія выйшлі на волю ў сувязі з поўным адбыццём тэрміну пазбаўлення волі. Таксама 16 жніўня быў падпісаны ўказ аб памілаванні 30 палітычных зняволеных (імёны васьмі вызваленых палітвязняў невядомыя праваабаронцам).
У жніўні 2024-га вядома пра не менш як 152 выпадакі палітычна матываваных рэпрэсій. Практычна штодня прыходзіла інфармацыя пра затрыманні, якія адбываюцца па ўсёй краіне. Працягваюцца затрыманні беларусаў, якія вяртаюцца ў РБ з-за мяжы.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што "з-за атмасферы страху і пагрозы дадатковых рэпрэсій" не ўсе выпадкі адміністрацыйнага пераследу і затрыманняў ім вядомыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.