Памёр аўтар знакамітага "Стэнфардскага турэмнага эксперыменту"
Філіп Зімбарда
У Сан-Францыска памёр 91-гадовы Філіп Зімбарда. Пра гэта распавялі ў Стэнфардскім універсітэце, дзе псіхолаг працаваў выкладчыкам больш за 50 гадоў.
Самай знакамітай яго працай стаў сумна вядомы "Стэнфардскі турэмны эксперымент". Яго праводзілі ў падвале ўніверсітэта, які пераабсталявалі ў "турму". Тут на працягу некаторага часу добраахвотнікі гралі ролі ахоўнікаў і зняволеных.
"Зняволеныя" і "ахоўнікі" даволі хутка прыстасаваліся да сваіх роляў. У імправізаванай турме пачалі ўзнікаць небяспечныя сітуацыі.
За кароткі час некалькі "ахоўнікаў" ператварыліся ў сапраўдных садыстаў. Асаблівая жорсткасць праяўлялася ўначы, калі ім здавалася, што відэакамеры выключаныя. У выніку “зняволеныя” былі моцна маральна траўміраваныя, і двое выйшлі з эксперымента раней часу.
Праца праводзілася на працягу шасці дзён, пасля чаго эксперымент спынілі па этычных матывах, хаця першапачаткова ён быў разлічаны на два тыдні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.