Парашэнка прынёс прабачэнні Лукашэнку за інцыдэнт з самалётам "Белавіі"
Пётр Парашэнка асабіста прынёс прабачэнні Аляксандру Лукашэнку за інцыдэнт з самалётам "Белавіі" ва ўкраінскай паветранай прасторы. Як паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка, гэта адбылося 10 лістапада падчас тэлефоннай гутаркі паміж імі. Размова адбылася з ініцыятывы ўкраінскага прэзідэнта.
Парашэнка адзначыў, што вінаватых у здарэнні пакаралі. Кіраўнікі Беларусі і Украіны дамовіліся, што адпаведныя службы бліжэйшым часам правядуць кансультацыі аб супрацоўніцтве ў галіне бяспекі для прадухілення падобных інцыдэнтаў надалей.
Нагадаем, здарэнне адбылося 21 кастрычніка. "Боінг" кампаніі "Белавія", які ляцеў рэйсам Кіеў-Мінск украінскія дыспетчары вярнулі назад, паведаміўшы, што пры непадпарадкаванні будзе ўзнятая ваенная авіяцыя.
У тэлефоннай размове Лукашэнка з Парашэнкам таксама абмеркавалі перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Кіраўнікі дзяржаваў дамовіліся правесці асабістую сустрэчу да канца года. Яе падрыхтоўкай зоймуцца МЗС абедзвюх краінаў.
Акрамя таго, Парашэнка падзякаваў Беларусі за створаную пляцоўку для мірных перамоваў па сітуацыі на ўсходзе Украіны. Таксама ён папрасіў падтрымкі для ўкраінскіх ініцыятываў на міжнародных пляцоўках, у прыватнасці ў ААН. Беларускі кіраўнік заявіў, што "ўсе пазначаныя пытанні будуць старанна вывучаныя, зыходзячы з кантэксту двухбаковых адносінаў, сітуацыі ў рэгіёне і свеце ў цэлым і цвёрдай нацэленасці Беларусі на вырашэнне ўсіх праблем мірнымі і дыпламатычнымі спосабамі".