Партрэт Каліноўскага прыбралі з падручніка гісторыі для 11-га класа

Прыжыццёвае фота Кастуся Каліноўскага

Прыжыццёвае фота Кастуся Каліноўскага

У падручніку гісторыі для 11-га класа знік партрэт кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага. Пра гэта расказаў гісторык Аляксей Ластоўскі. Ён падкрэсліў, што партрэт Каліноўскага быў у школьных падручніках з часоў БССР.

Школьныя падручнікі былі вывучаныя ў рамках даследавання Беларускага інстытута публічнай гісторыі "Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі", піша "Позірк".

Паводле Ластоўскага, у падручніках цяпер не згадваюць ні газету "Мужыцкая праўда", якую выдавалі ўдзельнікі паўстання, ні перадсмяротныя "Лісты з-пад шыбеніцы", якія Каліноўскі пісаў з турмы ў Вільні.

Змаганне з постаццю Кастуся Каліноўскага ў дзяржаўнай прапагандзе разгарнулася пасля 2020 года. Прапагандысты называюць яго "польскім тэрарыстам" і ўсяляк зневажаюць.

Гісторык кажа, што перыяд БНР у падручніках апісваецца нейтральна і канстатуецца, што "рэалізаваць ідэі аб нацыянальнай свабодзе і дзяржаўнай самастойнасці ў БНР не атрымалася".

Палітычныя рэпрэсіі ў СССР згадваюцца ў падручніку ў асобным раздзеле. Аднак там няма згадкі пра Курапаты — найбольш вядомае месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы.

Таксама Ластоўскі звярнуў увагу на "прынцыповую антыпольскасць" у падручніку па гісторыі для 11 класа. У прыватнасці, польскіх партызанаў з "Арміі Краёвай, якая дзейнічала падпольна ў 1942–1945 гадах, прыраўноўваюць да гітлераўцаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі