Пасля выбуху ў доме пад Полацкам у бальніцу прывезлі траіх чалавек
На месцы здарэння
Пасля выбуху ў шматкватэрным доме пад Полацкам у бальніцу прывезлі траіх чалавек. Гэта двое дарослых і дзіця, паведамляюць віцебскія медыкі.
Здарэнне адбылося 5 снежня каля 19:30 у Полацкім раёне ў аграгарадку Захарнічы. Спачатку меркавалася, што ў жылым доме на 8 кватэр выбухнуў газавы балон. Аднак пазней спецыялістамі "Полацкгаза" было ўстаноўлена, што "цэласнасць устаноўкі звадкаванага газу і двухканфорачнай пліты не парушаная", а "краны на пліце і вентыль газавага балона зачыненыя". У выніку выбуху ў кватэры на другім паверсе частка сцяны і перакрыццяў абрынуліся. Ратавальнікі дасталі з-пад завалаў 47-гадовага мужчыну. Яшчэ да іх прыезду відавочцы выратавалі 83-гадовую жанчыну. Былі эвакуяваныя 11 жыхароў дома.
Са слоў выратаванага мужчыны яго маці знаходзілася ў суседнім пакоі, а ён вырашыў папаліць на кухні. Адкрыўшы фортку, ён падкурыў цыгарэту і ў гэты час адбыўся выбух.
Пацярпелыя шпіталізаваныя ў Полацкую цэнтральную гарадскую бальніцу. У дарослых розныя траўмы: стан жанчыны сярэдняй ступені цяжкасці, стан мужчыны цяжкі, але стабільны. Яны знаходзяцца ў рэанімацыі. Іх могуць перавезці ў абласную бальніцу ў Віцебск. Трохгадовае дзіця (яно было сярод эвакуяваных) шпіталізавалі ў дзіцячае аддзяленне з дыягназам "цукровы дыябет, тып 1, гіперглікемія".
У сераду да канца дня жыхарам пацярпелага дома ў Захарнічах прапануюць часовае жыллё (пакуль яны жывуць у сваякоў і знаёмых, ад гасцініцы адмовіліся, паведамляе БЕЛТА). Аднаўленчыя работы на месцы здарэння пачнуцца пасля заканчэння яго абследавання спецыялістамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.