Пасол Славакіі, які прыйшоў на парад у Мінску, атрымаў ордэн
Пасол Славакіі Ёзэф Мігаш, які 9 траўня прыйшоў на вайсковы парад у Мінску, атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі ордэн Францыска Скарыны. Указ быў падпісаны яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня, а ўручэнне адбылося 6 ліпеня. Мігаш адзначаны "за значны асабісты ўнёсак ва ўмацаванне дружалюбных адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Славакіяй".
Як паведамляе БЕЛТА, уручаючы ордэн паслу, Лукашэнка падзякаваў за тое, што той быў на парадзе. Беларускі кіраўнік згадаў, што для Ёзэфа Мігаша яго "мужны ўчынак" меў "неадназначныя наступствы". Пасол атрымаў у падарунак кнігу "Спадчына Беларусі".
Еўрарадыё паведамляла, што з амбасадараў краін ЕС на парад, які праводзіўся ў часы распаўсюду каранавіруса, прыйшлі толькі паслы Славакіі і Венгрыі. Ёзэф Мігаш тады заявіў, што яго ўдзел быў прынцыповым, паколькі ён — "сын партызана" і "антыфашыст". Пры гэтым пасол не параіўся з МЗС Славакіі і быў вымушаны папрасіць адхіліць яго ад пасады. Лукашэнка па "гарачых слядах" назваў сітуацыю з адстаўкай Мігаша "міжнародным скандалам".
Падчас уручэння ордэна Ёзэф Мігаш заявіў, што калі б сітуацыя паўтарылася, ён зрабіў бы тое самае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.