Паўла Мажэйку затрымалі, калі ён прыехаў у Гродна адведаць бацькоў

Павел Мажэйка / svaboda.org
Павел Мажэйка / svaboda.org

Журналіста Паўла Мажэйку затрымалі ў Гродне, калі ён прыехаў адведаць бацькоў, піша яго калега Любоў Лунёва. Паводле яе словаў, ён не мог і падумаць, што яго можа закрануць зачыстка ў Гродне.

"Так, можна ездзіць у Беларусь і ў Польшчу, але... гэта можа раптам скончыцца, і калі гэта здарыцца, у які канкрэтна момант — ніхто не ведае", — піша Лунёва.

Пры гэтым затрыманага могуць абвінаваціць у чым заўгодна. Ужо рэдка і мала хто пытаецца пра прычыны. Важны толькі артыкул Крымінальнага кодэкса, каб зразумець, "колькі "свеціць" чалавеку правесці за кратамі".

"Нельга! Ну нельга цяпер туды ездзіць, калі вы вядомая асоба, асабліва калі журналіст ці грамадскі актывіст", — піша журналістка. На яе думку, камера цяпер чакае на радзіме кожнага, хто спадзяецца, што пранясе, "маўляў, пабачуся са сваімі і вярнуся". "Не вернешся", — папярэджвае журналістка.

Паўла Мажэйку затрымалі днямі. З 30 жніўня ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Дома ў яго адбыўся ператрус. Пра прычыну затрымання нічога не вядома. Апошнім часам Мажэйка кіраваў гродзенскім "Цэнтрам гарадскога жыцця". Увесну мясцовыя ўлады ліквідавалі праект. Раней Паўла ўжо затрымлівалі па справе выставы, дзе быў выстаўлены партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара. Аўтарам карціны быў Алесь Пушкін. Тады Мажэйку праз трое сутак адпусцілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі