Польшча спыняе праезд праз мяжу фур, зарэгістраваных у Беларусі і Расіі

Грузавікі на польска-беларускай мяжы / pap.pl
Грузавікі на польска-беларускай мяжы / pap.pl

Польшча спыняе праезд праз мяжу фур, зарэгістраваных у Беларусі і Расіі. Адпаведнае рашэнне прыняў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі. Яно апублікаванае і пачне дзейнічаць з 1 чэрвеня, паведамляе pap.pl.

Гэтую меру ў Польшчы тлумачылі пытаннямі "забеспячэння грамадскай бяспекі".

Яшчэ раней Еўрасаюз забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, у тым ліку транзітныя, для беларускіх і расійскіх кампаній. Трапіць у ЕС пасля гэтага беларускія фуры маглі, калі быў спецпропуск. Яго выдавалі, напрыклад, фармацэўтычным, медыцынскім, сельскагаспадарчым кампаніям. Усім астатнім грузавікам з Беларусі і Расіі яшчэ 9 красавіка 2022 года быў закрыты ўезд у ЕС.

У Дзяржаўным памежным камітэце РБ заявілі, што рашэнне Польшчы толькі створыць новыя праблемы для еўрапейскага бізнесу.

26 траўня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле прысуд актывісту польскай меншасці, палітвязню Анджэю Пачобуту. У адказ на гэта Варшава анансавала санкцыі для некалькіх соцень прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. 29 траўня гэтыя санкцыі былі ўведзены.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі