Польшча ўвяла санкцыі супраць 365 прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі

Пад польскія санкцыі трапілі 365 прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі / pexels.com
Пад польскія санкцыі трапілі 365 прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі / pexels.com

Польшча ўводзіць санкцыі супраць 365 прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Ім будзе забароенены ўезд у шэнгенскую зону, іх рахункі і эканамічныя рэсурсы будуць замарожаныя. Адпаведнае рашэнне прыняў міністр унутраных спраў і адміністрацыі.

Гэтыя меры тлумачацца "драконаўскім прысудам" Анджэю Пачобуту і рэпрэсіямі супраць палітычных апанентаў у Беларусі.

Як распавядала Еўрарадыё, 26 траўня Вярхоўны суд Беларусі адхіліў апеляцыю журналіста, актывіста польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута, якому прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі.

У новы польскі "чорны спіс" трапілі 159 парламентароў. Астатнія беларускія дэпутаты былі ўнесеныя ў санкцыйны спіс раней. "Такім чынам, санкцыі ўжо распаўсюджваюцца на ўсіх чальцоў беларускага парламента", — адзначае польскае міністэрства.

Таксама ў "чорны спіс" увайшлі 76 суддзяў, 7 пракурораў, 32 чыноўнікі мясцовага ўзроўню, 28 афіцэраў і супрацоўнікаў сілавых структур. Акрамя іх пад санкцыі трапілі 23 супрацоўнікі праўладных СМІ, якія займаюцца прапагандысцкай дзейнасцю, 24 спартоўцы і спартовыя дзеячы, 8 супрацоўнікаў дзяржустаноў і прадпрыемстваў, 8 прадстаўнікоў культуры і навукі.

Акрамя таго, у спісе ёсць прадпрымальнікі, звязаныя з расійскім капіталам. Гэта 15 грамадзян Расіі ды адзін беларус. У дадатак, Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да 20 суб'ектаў гаспадарання (19 звязаныя з Расіяй і адзін звязаны з Беларуссю).

"Гэтыя людзі прасоўвалі беларускі рэжым, а таксама ўдзельнічалі ў легітымацыі і падтрымцы рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў у Мінску. Яны таксама нясуць адказнасць за палітычна матываваны прысуд Анджэю Пачобуту, вынесены па ілжывых абвінавачваннях", — заяўляюць у польскім МУС.

У спіс увайшлі людзі, якія рэпрэсавалі ўдзельнікаў мірных беларускіх пратэстаў, знішчалі польскія могілкі і помнікі ў Беларусі, а таксама асобы, адказныя за арганізацыю нелегальнай міграцыі ў Польшчу і краіны Балтыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі