Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Анджэю Пачобуту

Анджэй Пачобут на судзе / sb.by
Анджэй Пачобут на судзе / sb.by

26 траўня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу журналіста Анджэя Пачобута на вынесены яму прысуд. Як адзначае БАЖ, разгляд скаргі адбываўся ў закрытым рэжыме без тлумачэння прычын.

Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд журналісту без зменаў — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Цяпер Пачобут перабывае ў гродзенскай турме №1, пасля рашэння па апеляцыі яго этапуюць у калонію.

Анджэй Пачобут — адзін з лідараў незалежнага Саюза палякаў. Яго, як і шэраг іншых актывістаў польскай меншасці, затрымалі 25 сакавіка 2021 года. За публікацыю пра падзеі верасня 1939-га журналіста абвінавацілі ў "распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце" — так улады ацанілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра задушэнне беларускіх пратэстаў у 2020-м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

Пачобут стаў адзіным фігурантам "справы палякаў", які атрымаў рэальны тэрмін зняволення. Яшчэ трох актывістак вывезлі ў Польшчу, а крымінальную справу на кіраўніцу Саюза палякаў Анжаліку Борыс спынілі сёлета 4 красавіка.

У кастрычніку 2022-га КДБ дадаў Пачобута ў "спіс тэрарыстаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі