Анджэй Пачобут дапускаў, што яго могуць расстраляць
Анджэй Пачобут / Agencja Wyborcza.pl
Журналіст Анджэй Пачобут дапускаў, што яго могуць расстраляць. Пра гэта расказаў былы вязень, які перасякаўся з Пачобутам у гродзенскай турме.
"Пачобут быў у стойкім стане духу. У той жа час ціск на яго быў вялікі. У прыватнасці, ён дапускаў, што яму прысудзяць вышэйшую меру пакарання", — цытуе ягоныя словы "Наша Ніва".
Вязень не ведае, ці гэта было дапушчэнне Пачобута, ці гэтым пакараннем яго страшылі. Таксама Пачобут дапускаў, што палітвязняў могуць расстраляць у выпадку ўступлення Беларусі ў вайну.
Як паведамлялася раней, журналіста і актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута асудзілі на 8 гадоў калоніі.
Дарэчы, гэты ж вязень перасякаўся з яшчэ адным гродзенскім журналістам і грамадскім дзеячам Паўлам Мажэйкам. Спрабуючы зламаць, яго па надуманых падставах кідаюць у ШІЗА. Па словах вязня, Мажэйка пачаў насіць акуляры, трохі хварэў, але трымаецца выключна мужна.
Таксама экс-вязень распавёў, што людзей з "групы Аўтуховіча" трымалі ў турме ў катавальных умовах. Ён згадаў, што зняволенне цяжка далося жонцы святара Любові Разановіч.
Паводле падлікаў праваабарончага рэсурсу dissidentby.com, на сёння ў гродзенскай турме налічваецца 84 палітвязні. Гэтыя лічбы няпоўныя, бо не ўсе імёны вядомыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.