Пракурор просіць для экс-рэстаратара Пракоп'ева 25 гадоў калоніі завочна

Вадзім Пракоп'еў / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота
Вадзім Пракоп'еў / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота

Экс-рэстаратару Вадзіму Пракоп'еву патрабуюць прысудзіць 25 гадоў калоніі, з іх пяць гадоў турмы. Такое пакаранне прапанавала пракуратура на працэсе ў Мінскім абласным судзе, паведамляе "Мінская праўда". Таксама бок абвінавачання прапаноўвае аштрафаваць Пракоп'ева на 1000 базавых велічыняў (на сёння 1 базавая — 37 рублёў).

Пракоп'ева судзяць па так званай "справе аб падпале дома дэпутата Гайдукевіча". Абвінавачанымі па ёй праходзяць 18 чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі 15: Пракоп'еў і яшчэ два абвінавачаныя (Хаміцэвіч і Чамякін) перабываюць за межамі Беларусі. 

Інцыдэнт адбыўся ў чэрвені 2021 года. Тады дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч заявіў, быццам яго дом хацелі падпаліць і кінулі тры бутэлькі з "кактэйлем Молатава". Адзінай пацярпелай, аднак стала котка Гайдукевічаў, у якой быў абпалены нос.

Сяргею Лісоўскаму і Паўлу Чамякіну абвінаваўца запрасіў па 20 гадоў, а Уладзіміру Савянкову і Хаміцэвічу — 17 і 16 гадоў узмоцненага рэжыму адпаведна кожнаму. Сяргея Сакалова ён просіць пакараць 14 гадамі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у 700 базавых велічыняў, а Невяркевіча — 11 гадамі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у 3000 базавых. Для Вольгі Пятух і Мікалая Роя абвінавачанне просіць 13 і 12 гадоў узмоцненага рэжыму адпаведна. Паўлу Чыхінскаму і Дзянісу Філончыку — па 9 гадоў узмоцненага рэжыму, Пятру Юркевічу — 9 гадоў агульнага рэжыму.

Па справе праходзіць шмат былых сілавікоў. Усіх іх бок абвінавачання прапануе пазбавіць усіх вайсковых званняў.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі