Прэм'еры Румас і Мядзведзеў у Сочы абмяркуюць сітуацыю з інтэграцыяй
6 снежня прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас і расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў абмяркуюць сітуацыю з інтэграцыяй краін. Будзе працягнута праца па ўзгадненні "інтэграцыйных дарожных картаў" (агулам іх налічваецца 31), інфармуе ria.ru. Сустрэча пройдзе ў Сочы, яна была прызначана падчас тэлефоннай размовы Румаса і Мядзведзева ў нядзелю, дадае ТАСС.
Перамовы прэм'ераў пройдуць напярэдадні сустрэчы таксама ў Сочы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Асноўная тэма — вырашэнне праблемных пытанняў у справе "паглыблення інтэграцыі" Беларусі і Расіі ў рамках саюзнай дзяржавы. Якраз 8 снежня гэтай структуры споўніцца 20 гадоў. Невядома, ці будуць падпісаныя кіраўнікамі краін згаданыя "дарожныя карты".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.