Прэзідэнт Літвы абазначыў "чырвоныя лініі" ў дыялогу з Беларуссю
19 лістапапада прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа правёў нефармальную нараду з кіраўнікамі адказных ведамстваў і лідарамі парламенцкіх палітычных партыяў па актуальных пытаннях знешняй палітыкі. Як паведамляе ru.delfi.lt, асноўнымі тэмамі абмеркавання былі Беларусь і Украіна.
Наўседа заявіў, што адкрыты для дыялогу, але абазначыў "чырвоныя лініі", за якія не можа пераступіць, — Астравецкая АЭС і правы чалавека.
Дарадца прэзідэнта па пытаннях знешняй палітыкі Аста Скайсгірытэ паведаміла журналістам, што Літва не лічыць парламенцкія выбары ў Беларусі цалкам свабоднымі. "Такая сітуацыя ў Беларусі назіраецца шмат гадоў, і гэтыя выбары яе не змянілі", — дадала яна.
Разам з тым яна адзначыла, што на гэтым тыдні ў Літву прыедзе віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка. Ён узначаліць беларускую дэлегацыю на перапахаванні Кастуся Каліноўскага і яго паўстанцаў. У Петрышэнкі таксама намечаная сустрэча з прэм'ер-міністрам Літвы Саўлюсам Сквярнялісам.
Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус падкрэсліў, што яны па-ранейшаму адмоўна ацэньваюць Беларускую АЭС і лічаць, што яе трэба зачыніць. Аднак цяпер літоўскія эліты гатовыя да дыялогу з беларускімі ўладамі. "Мы думаем, што адсутнасць дыялогу не адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам, трэба гаварыць. Наколькі гэта паўплывае на сітуацыю — іншае пытанне, аднак мы будзем размаўляць на розных узроўнях, ўжо згадвалі віцэ-прэм'ера, але, я думаю, што і сустрэчы міністраў магчымыя", — заявіў ён.
Кажучы пра палітыку Беларусі, Лінкявічус адзначыў, што ў самой краіне нічога істотна не змянілася за апошнія гады, але затое ўзмацніўся ціск Расіі. "У нашых нацыянальных інтарэсах зрабіць так, каб гэтая краіна заставалася як мага больш незалежнай. Змянілася тактыка нашых стратэгічных партнёраў. Калі ЗША ўжывалі тактыку ізаляцыі, ды цяпер сітуацыя змянілася. Мы гэта павінны ўлічыць", — дадаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.