Прыгожын пагражае 10 траўня сысці з Бахмута
Яўген Прыгожын запісаў зварот да кіраўніцтва Расіі / @Prigozhin_hat
Кіраўнік ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын заявіў, што 10 траўня выводзіць сваіх наймітаў з Бахмута. Прычына — кепскае забеспячэнне боепрыпасамі. Пазіцыі ён гатовы перадаць падраздзяленням Міністэрства абароны.
"Я выводжу падраздзяленні ПВК "Вагнер" з Бахмута, таму што пры адсутнасці боепрыпасаў яны асуджаныя на бязглуздую гібель", — гаворыцца ў звароце да начальніка Генеральнага штаба, міністра абароны, Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і народа Расіі. Напярэдадні ноччу Прыгожын звярнуўся да міністра Сяргея Шайгу і кіраўніка Генштаба Валерыя Герасімава з эмацыйнай прамовай, якую запісаў на фоне дзясяткаў целаў загінулых "вагнераўцаў".
У новым звароце Прыгожын кажа, што вымушаны звярнуцца адкрыта, таму што "ні адзін мой ліст не быў разгледжаны", а аб усіх праблемах ён дакладаў з 19 сакавіка 2022 года. Прыгожын таксама нагадаў пра словы Шайгу, які на гэтым тыдні заявіў, што боепрыпасаў больш чым дастаткова.
Між тым "дэфіцыт снарадаў у ПВК" Вагнер" складае 90%", — сцвярджае Прыгожын. І гэта пры тым, што, з ягоных слоў, "з 45 кв.км Бахмута засталося [вызваліць] 2,5 км".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.