Пяць дрэнных фільмаў пра Другую сусветную вайну
Адборная кінахлусня
Учора споўнілася 79 гадоў ад заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе. За гэты час кінематаграфісты з усяго свету наздымалі сотні праектаў, прысвечаныя тым драматычным падзеям. Але некаторыя з іх атрымаліся, мякка кажучы, сумніўнымі, хаця і прэтендуюць на пэўную рэалістычнасць падзеяў.
Еўрарадыё склала свой антырэйтынг такіх няўдалых ваенных стужак.
Pearl Harbor / “Перл-Харбар” (2001)
Відовішчны блакбастар Майкла Бэя пра напад японскіх ВМС на амерыканскіх маракоў у бухце Перл-Харбар поўны гістарычных недакладнасцяў. Адна з самых яркіх — калі герой Бэна Афлека, пілот амерыканскіх ВПС, далучаецца да “арлінай” эскадрыліі RAF і змагаецца разам з брытанцамі.
Eagle Squadrons сапраўды былі сфарміраваныя з амерыканскіх пілотаў, але яны былі добраахвотнікамі, а не вайскоўцамі арміі ЗША. Паколькі Амерыцы яшчэ трэба было ўступіць у вайну, дзеючыя вайскоўцы папросту не маглі да яе далучыцца.
Лепш паглядзець на гэту тэму: Tora! Tora! Tora! / “Тора! Тора! Тора” (1970)
“Падение Берлина” / “Падзенне Берліна” (1950)
Стужка Міхаіла Чыаўрэлі — яркі прыклад прапагандысцкага кіно часоў позняга сталінізму. Яна не толькі міфалагізуе роль савецкага тырана ў перамозе СССР у вайне, але і паказвае немцаў у карыкатурнам выглядзе, як аперэтачных злодзеяў, без проблескаў маралі і храбрасці.
Не дзіва, што пасля смерці Сталіна фільм паднялі на смех нават яго паплечнікі з ЦК КПСС. Мікіта Хрушчоў падчас ХХ з’езда назваў яго моташлівым.
Лепш паглядзець на гэту тэму: Der Untergang / “Крах” (2004)
Defiance / “Выклік” (2008)
“Выклік” — гэта мастацкі пераказ гісторыі братоў Бельскіх. У рэальным жыцці Бельскія былі квартэтам беларусаў-габрэяў, якія заснавалі ў лесе лагер, каб выратавацца ад Халакосту. А заадно праводзячы дыверсіі і рэйды супраць нацыстаў.
У нечым фільм атрымаўся даволі дакладным — асабліва ў тым, што тычыцца выпрабаванняў жыцця ў Налібоцкай пушчы. Тым не менш, некаторыя польскія гісторыкі крытыкавалі яго за тое, што там “перамалёўваюцца некаторыя непрыемныя эпізоды з гісторыі”, у тым ліку злачынствы супраць жыхароў Заходняй Беларусі.
Лепш паглядзець на гэту тэму: The Bielski Brothers: Jerusalem in the Woods / “Браты Бельскія: Іерусалім у лесе” (2006)
“Cталинград” / “Сталінград” (2013)
Бітва за Сталінград (цяпер Валгаград) была адной з самых жорсткіх падчас той вайны, а перамога СССР пераламіла ход Другой сусветнай у Еўропе. Для Расіі цалкам слушна ўшаноўваць ветэранаў сваёй найвялікшай бітвы, але стужка Фёдара Бандарчука цягне на пародыю, а не на праект, які павінен адлюстраваць сутнасць падзеі.
“Сталінград” па сутнасці з'яўляецца CGI-атракцыёнам, дзе нічога не гаворыцца пра бітву, стан яе ўдзельнікаў або наступствы. Замест гэтага нам распавядаюць меладраматычную гісторыю кахання, недарэчную і несвоечасовую. Само яе ўключэнне ў фільм з'яўляецца доказам таго, што стваральнікі фільма шукалі ідэі, каб запоўніць час прагляду.
Лепш паглядзець на гэту тэму: Stalingrad / “Сталінград” (1993)
Battle of the Bulge / Бітва за выступ (1965)
Нават галівудскія зоркі Генры Фонда, Чарльз Бронсан і Роберт Шоу не змагли выратаваць гэтую двух з паловай гадзінную ваенную драму пра няўдалы Ардэнскі наступ Вермахта ў снежні 1944 года. Акрамя аб'ектыўна жудаснага сцэнару, фільм багаты тэхнічнымі промахамі, якія робяць яго пеклам для аматараў гісторыі.
Найбольш ашаламляльнай з усіх з'яўляецца кульмінацыйная сцэна танкавай бітвы, знятая ў яркай, сонечнай іспанскай прэрыі — дрэнным дублёры для суровых лясоў зімовай Бельгіі. Стваральнікі фільма настолькі памыліліся па шматлікіх пунктах, што былы прэзідэнт Дуайт Эйзенхаўэр, які камандаваў саюзніцкімі войскамі ў Еўропе падчас вайны, спецыяльна звярнуўся да амерыканскіх СМІ, каб паведаміць, наколькі ён ненавідзіць гэты фільм.
Лепш паглядзець на гэту тэму: Patton / “Патан” (1970)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.