Мінскае падполле і заіканне караля. ТОП фільмаў пра Другую сусветную без агітак
Не "можам паўтарыць", а "ніколі зноў". Захоўвайце спіс добрых стужак / калаж Еўрарадыё
Часам складаецца адчуванне, што "Беларусьфільм" існуе дзеля адной мэты — стварэння фільмаў пра Другую сусветную вайну акурат пад Дзень Перамогі. У гэтым годзе, дзякуй богу, выдалася зацішша, але звычайна на 9 траўня дзяржаўныя кінематаграфісты, як гадзіннік, выдаюць чарговы мінісерыял ці фільм пра савецкіх герояў, здольны ўразіць гледача толькі сваёй мастацкай нягегласцю.
Разумеючы, што беларусы стаміліся ад ідэалагічнага афіцыёзу і культывацыі лозунгаў "можам паўтарыць", мы сёлета прадстаўляем адмысловы спіс фільмаў пра вайну з антываенным зместам. Складзены ён канцэптуальна — па адной нетыповай стужцы ад асноўных (але не ўсіх) краін-удзельніц Другой сусветнай. І за СССР будзе адказваць Беларусь.
ЗША — "Вялікі пабег"
(The Great Escape, рэж. Джон Сцёрджэс, 1963 год)
Падавалася б, стужка пра нацысцкі канцлагер звычайна ні з чым добрым не можа асацыявацца, але ў Джона Сцёрджэса, майстра баевікоў "залатога часу" Галівуду, атрымалася пераадолець гэта змрочнае клішэ.
Яго аднайменная экранізацыя ваеннага рамана "Вялікі пабег" пісьменніка Пола Брыкхіла, заснаваная ў сваю чаргу на рэальнай гісторыі ўцёкаў саюзніцкіх ваеннапалонных з лагера Шталаг Люфт III, апынулася захапляльнай прыгодай пра смеласць і нязломнасць чалавечага духа. Залішняя рамантызацыя ніяк сапсавала стужку, нават наадварот — забяспечыла ёй глядацкую любоў некалькі пакаленняў гледачоў. І, фактычна, квіток у вечнасць.
Вялікабрытанія — "Прамова караля"
(The King’s Speech, рэж. Том Хупер, 2010 год)
Свет кансерватыўных каштоўнасцяў прапагандуе стэрэатып, што сапраўдны мужчына павінен быць разумным, смелым, рашучым, пазбаўленым любых недахопаў і ўразлівасцяў — цалкам ідэальным. Але сапраўдная мужнасць крыецца ў прызнанні, што ніхто не ідэальны. Нават уладар грандыёзнай каланіяльнай імперыі можа не звязаць і двух словаў пры вялікай аўдыторыі.
Менавіта пераадольванню мужчынскіх страхаў і прысвечана гістарычная драма Тома Хупера "Прамова караля". Яна распавядае пра паспяховае лекаванне Георга VI ад заікання і яго рашучую 9-хвілінную прамову да брытанцаў пра пачатак вайны з Трэцім рэйхам. І калі ў караля атрымалася, чым усе астатнія горш?
Францыя – "Шаа"
(Shoah, рэж. Клод Ланцман, 1985 год)
Грандыёзны дакументальны фільм (толькі хронаметраж складае амаль 10 гадзін), які напоўніцу раскрывае ўсе аспекты галоўнага злачынства ХХ стагоддзя — генацыду габрэяў ці Халакоста.
Французскі рэжысёр і дакументаліст Клод Ланцман (дарэчы, яго продкі па бацькоўскай лініі з Вілейкі) на працягу шасці год, з 1974 па 1980, наведаў 14 краін і правёў дзясяткі відэаразмоў з удзельнікамі і выканаўцамі генацыду. Сярод інтэрв'юяваных былі вязні, іх дзеці і сваякі, былыя нямецкія ахоўнікі і афіцэры, польскія сяляне, якія жывуць паблізу былых канцлагераў, грамадзянскія асобы з Германіі, якія пераехалі ў Польшчу падчас Другой Сусветнай вайны, бюракраты нацысцкай Германіі, гісторыкі і г.д.
Калісьці такі самаадданы аўтар павінен знайсціся і ў Беларусі, каб адлюстраваць усю глыбіню рэпрэсій 2020-х гадоў.
Беларусь – "Усходні калідор"
(рэж. Валянцін Вінаградаў, 1966 год)
Хрушчоўская "адліга" стала часам росквіту не толькі расійскага, але і беларускага кіно. У той кароткі перыяд час былі створаны, бадай, найлепшыя і нетыповыя фільмы пра Другую Сусветную. Адзін з такіх недаацэненых шэдэўраў — эстэцкая кінапрытча "Усходні калідор" Валянціна Вінаградава. Яна прысвячаецца мінскаму падполлю, гета і масаваму забойству габрэяў — тым тэмам, які пужалі як савецкіх, так і лукашэнкаўскіх ідэолагаў, за што фільм фактычна паклалі на паліцу на дзесяцігоддзі.
Але цэнзура не змагла схаваць факт таго, наколькі гэта смелая і візуальна захапляльная стужка нават для сённяшняга часу.
Італія — "Рым, адчынены горад"
(Roma, città aperta, рэж. Рабэрта Раселіні, 1945 год)
Раны еўрапейскага канфлікту і нацысцкай акупацыі былі яшчэ адчувальнымі ў Рыме ў канцы 1944 года, што адгукалася з дакументальным інстынктам італьянскага рэжысёра Раберта Раселіні. Яго стужка абапіраецца на рэальныя праблемы і сітуацыі ў гады канфлікту. Залішне казаць, што жорсткасць акупацыйнага рэжыму нацыстаў падаецца тут з шакавальнай адкрытасцю, не толькі ў яго абыякавасці да чалавека, але і ў адсутнасці лагічнай мэты.
"Рым, адчынены горад" распавёў свету пра пачатак італьянскага неарэалізму. Аўтар дамогся гэтага, выкарыстоўваючы рэшткі цэлулоіду з іншых фільмаў, што не толькі надало стужцы жорсткую эстэтыку кінахронікі, але і сапраўднае адчуванне глыбокага смутку.
Германія – "Сталінград"
(Stalingrad, рэж. Ёзаў Фільсмаер, 1993)
Забудзьцеся пра дуэлі снайпераў у "Вораг ля брамы" ці меладраматычны атракцыён "Сталінград" Фёдара Бандарчука. Усе яны і блізка не адлюстроўваюць пекла, якое адбывалася падчас баёў у Сталінградзе. Фільм нямецкага рэжысёра Ёзава Фільсмаера найбольш узважана, без залішняй патэтыкі, дэманструе пераломны момант у Другой Сусветнай вайне і адну з самых жорсткіх бітваў у гісторыі чалавецтва.
Томас Крэчман грае нацысцкага афіцэра, які спачатку вядзе жаўнераў у жорсткае выпрабаванне, а потым спрабуе іх уратаваць. Гэта прыклад сумленнай стужкі, якая распавядае непрыгожую праўду пра мінулае Германіі. Гісторыю, у якой не можа быць шчаслівага канца.
Японія – "Магіла светлячкоў"
(火垂るの墓, рэж. Ісао Такахата, 1988 год)
Анімацыйная ваенная драма Ісаа Такахаты ад такійскай Studio Ghibli (яе стваральнік — знакаміты японскі аніматар Хаяа Міядзакі) выкарыстоўвае напрацаваны мастацкі шаблон погляду на зверствы вайны вачыма дзіцяці. Як і "Мой сусед Тотара" з таго ж года, ён тлумачыць метады, якімі карыстаюцца дзеці, каб заблакаваць жахі свету: летуценнасць, фантазію і жыццёвы аптымізм.
Немагчыма пераацаніць моц душэўнага болю, калі хлопчык і яго маленькая сястрычка вымушаны ісці ў адзіноце па выпаленай японскай пустыні, калі амерыканскія бамбавікі спусташаюць гарады. Але што можна сказаць дакладна — такога вопыту суперажывання анімацыйнай гісторыі вы хутчэй за ўсё яшчэ ніколі перажывалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.