Расія хоча абрэзаць фінансавую падтрымку ДНР і ЛНР
Расія хоча спыніць фінансавую падтрымку ДНР і ЛНР. Мінфін Расіі атрымаў даручэнне выключыць з праекта бюджэту на наступны год і на планавы перыяд 2019-2020 гадоў выдаткі на “гуманітарную падтрымку асобным тэрыторыям”. Такім чынам, самаабвешчаныя рэспублікі могуць не атрымаць сама меней частку дапамогі з расійскага бюджэту. Вызваленыя сродкі мусяць пайсці на развіццё інфраструктуры Крыма і Калінінградскай вобласці, паведамляе РБК.
У адкрытых дакументах па расійскім бюджэце РБК не знайшоў фармулёўкі “гуманітарная падтрымка асобных тэрыторый” або падобнай да яе. Па словах федэральнага чыноўніка і двух крыніц, блізкіх да Крамля, за гэтай фармулёўкай стаіць дапамога самаабвешчаным рэспублікам Данбаса.
Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў мінулым летам даручыў забяспечыць фінансаванне “безумоўнай рэалізацыі” мерапрыемстваў па сацыяльна-эканамічным развіцці і забеспячэнні транспартнай і інфармацыйнай бяспекі Крыма, Севастопаля і Калінінградскай вобласці. Пра гэта даручэнне сам Мядзведзеў казаў падчас паездкі ў Крым у пачатку жніўня.
Агульная сума, пад якую трэба знайсці фінансавае забеспячэнне, складае 165 мільярдаў расійскіх рублёў або каля 2,8 мільярда долараў на тры гады. Акрамя Крыму яна ўключае выдаткі на будаўніцтва валаконна-аптычнай лініі сувязі па дне Балтыйскага мора да Калінінградскай вобласці, пабудову трох паромаў для чыгуначнай паромнай пераправы Усць-Луга -Балтыйск (Калінінградская вобласць), а таксама на прыярытэтны праект “Фарміраванне камфортнага гарадскога асяроддзя”.
Зрэшты, крыніцы РБК падкрэсліваюць, што нават калі ўлады і вырашылі спыніць выдаткі на “гуманітарную падтрымку” Данбаса, гэта не азначае, што фінансавая падтрымка самаабвешчаных рэспублік спыніцца. Фінансаванне ДНР і ЛНР цалкам засакрэчана, апісваецца сакрэтнымі пастановамі (распараджэннямі) ўрада, закрытымі радкамі ў бюджэце.