Расія забараніла ўезд Джо і Хантэру Байдэнам, Хілары Клінтан і Марку Цукербергу
Морган Фрыман – у расійскім "чорным спісе"
Расійскі МЗС апублікаваў "чорны спіс" грамадзян ЗША. У ім 963 прозвішчы. Усе гэтыя людзі пазбаўленыя права заехаць у Расію.
Сярод іх — прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і яго сын Хантэр, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, амбасадар ЗША пры АБСЕ Майкл Карпэнтэр, заснавальнік кампаніі Meta (экс-Facebook) Марк Цукерберг, прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі, спікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пеласі, экс-першая ледзі і экс-дзяржсакратарка ЗША Хілары Клінтан, філосаф Цімаці Снайдар, актор Морган Фрыман.
Двое апошніх, як і многія іншыя са спісу, не змогуць паласавацца пернікам у Туле і не ўбачаць вакзал у Пермі праз публічную крытыку пуцінскага рэжыму. Снайдар рэгулярна выступае на гэтую тэму ў заходняй прэсе. А з Фрыманам сітуацыя больш складаная — яму помсцяць за відэазварот, запісаны амаль пяць гадоў таму, у верасні 2017-га. Ён трапіў у "стоп-ліст" за абвінавачанні Расіі ў змове супраць ЗША і заклікі да барацьбы з ёё.
А вось сенатар-рэспубліканец Рэнд Пол, які перашкаджаў прыняць закон аб вылучэнні Украіне дапамогі ў памеры $40 млрд, у "чорны спіс" МЗС РФ не патрапіў. Байдэн падпісаў закон раніцай 21 траўня.
Усе пералічаныя не змогуць зараз прыехаць і ў Беларусь — бо ў расійскіх і беларускіх памежнікаў ёсць агульная база неўязных у "Саюзную дзяржаву".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.