Расійскія дроны лётаюць над Беларуссю. Чым гэта небяспечна? Тлумачыць эксперт

Баявы дрон у небе

Баявы дрон у небе / war.telegraf.com.ua

Калі Расія і далей будзе выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі, каб атакаваць Украіну беспілотнікамі, Кіеў адкажа тым самым. Такое меркаванне ў стрыме Еўрарадыё агучыў былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак.

"Як магістральная шаша для дронаў — у зваротным кірунку. Напрыклад, у кірунку Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Ніжняга Ноўгарада. А можа [беспілотнік], натуральна, выпадкова і раней зваліцца — гэта ж вайна, так здараецца. Вось, напрыклад, беларускія сродкі РЭБ так спрацуюць, што зваліцца на вялікае прамысловае прадпрыемства, перапрацоўчае. І там пачнецца пажар".

Эксперт лічыць, што расіянам можа спадабацца выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі для пралёту сваіх беспілотнікаў. Так яны могуць раптам з'яўляцца ў розных рэгіёнах Украіны ўздоўж яе паўночнай мяжы, і ў сродкаў СПА будзе вельмі мала часу, каб зрэагаваць.

Нюанс, зрэшты, у тым, што расіяне час ад часу страчваюць кантроль над сваімі дронамі-камікадзэ, і тыя збіваюцца з курсу. А сродкаў, каб аператыўна "ў прамысловых маштабах" збіваць дроны-камікадзэ, у Беларусі сёння няма.

"Гэтыя беспілотнікі лётаюць на вельмі нізкіх вышынях — 30-40 метраў. 30-40 метраў ад узроўню зямлі, Карл! І на хуткасці 150-200 км/г. Комплексамі С-300 і С-400 збіць іх немагчыма. Для гэтага мусяць быць створаныя мабільныя групы з кулямётамі ці сістэмы накшталт "Панцыраў", — дадае эксперт.

За апошні тыдзень на тэрыторыю Беларусі заляцелі чатыры расійскія дроны-камікадзэ. У ноч на 13 ліпеня беспілотнік каля 350 км ляцеў у напрамку "Славянскага базару", дзе акурат знаходзіўся Лукашэнка, а потым знік з радараў. А раніцай 16 ліпеня БЛПА праляцеў у беларускай паветранай прасторы больш за 300 км, дабраўшыся да Магілёва.

Іван Ступак заўважае, што ў першым выпадку маршрут БПЛА кантраляваўся ўзброенымі сіламі Беларусі:

"У паветры адначасова знаходзіліся верталёт і знішчальнік. Гэта значыць, што беларускае камандаванне было праінфармаванае, што ў такім і такім квадраце мяжы заляціць беспілотнік, ён будзе знаходзіцца на такім маршруце і будзе кудысьці ляцець".

Але другі пралёт дрона паказаў, што адбылося нешта незвычайнае.

"Сказаць, што гэта адназначна было, я не магу. Думаю, што, магчыма, была нейкая пазаштатная праца [ці праца сістэмы радыёэлектроннай барацьбы]. Гэты беспілотнік, магчыма, выйшаў з ладу. Такія рэчы здараюцца", — рэзюмуе Іван Ступак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі