"Разам мы непераможныя": супрацоўнікі БДУІР запісалі відэазварот
Супрацоўніца БДУІР / скрыншот з відэа
У аўторак, 27 кастрычніка, выкладчыкі і іншыя супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі запісалі відэазварот. У ім яны выказаліся з нагоды гвалту ў краіне, а таксама пра затрыманні і пераслед студэнтаў і работнікаў ВНУ.
"Жыць у свабоднай Беларусі, дзе працуюць не толькі законы фізікі, але і суды прымаюць сумленныя рашэнні, дзе развіваецца IT-сектар і прыватны бізнес, дзе патрэбныя і каштоўныя разумныя людзі, — гэта наша агульная мэта... Сёння мільёны беларусаў аб'ядналіся, таму што не хочуць жыць у краіне, дзе трэба маўчаць і выконваць загады; у краіне, дзе невядомыя ў масках затрымліваюць і збіваюць мірных грамадзян... Што можна гаварыць пра развіццё навукі, калі разбурэнне нечага жыцця цэніцца вышэй, чым стварэнне чаго-небудзь для яго паляпшэння?" — гаворыцца ў звароце.
Работнікі БДУІР патрабуюць правесці новыя справядлівыя выбары і вызваліць палітвязняў. Яны ўпэўненыя: "Чужых праблем не бывае! Разам мы непераможныя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.