Павел Свярдлоў. Дзённікі Акрэсціна. Эпізод 3: Інструкцыя па эксплуатацыі

120711 Sverdlov Dnevnik 3.mp3

Дзённікі Акрэсціна. Эпізод 1: Затрыманне

Дзённікі Акрэсціна. Эпізод 2: Суд

Дзённікі Акрэсціна. Эпізод 4: Слоўнік

На Акрэсціна не страшна. Нязручна спаць на дошках. Няёмка хадзіць у прыбіральню ва ўсіх на вачах. Нясмачна есці. Агідна вяртацца ў камеру пасля ператрусу. Але ― не страшна! Столькі інтэлігентных людзей ужо тут перабывала… Асуджаны за лаянку ў грамадскім месцы, увечары 22 чэрвеня я ўваходжу ў камеру самага папулярнага мінскага ізалятара. Там мяне чакаюць першыя два суседа.

Інструкцыя па эксплуатацыі

Камера мне дасталася невялікая. Большую яе частку займае сцэна ― драўляны памост, які на Акрэсціна замяняе і ложак, і стол, і крэслы. Ні матрацаў, ні коўдраў, ні бялізны няма: спіш у адзенні, пад галаву кладзеш пластыкавую бутэльку ці стос газет.

“Адсутнасць матрацаў і бялізны ― гэта парушэнне правіл унутранага распарадку. Таксама як і адсутнасць набору шашкі/шахматы ў кожнай камеры і прагулак кожны дзень, ― распавядае актывіст кампаніі “Гавары праўду” Павел Вінаградаў, які сядзеў свае 15 сутак у суседняй камеры. ― Цікава, што адміністрацыя ізалятара патрабуе, каб вязні прытрымліваліся правілаў, хаця сама іх парушае. Прагулка за апошнія суткі была толькі адна, 3 ліпеня. І тое мяне з яе вярнулі ў камеру, бо я адмовіўся трымаць рукі за спінай. Аргументавалі гэта правіламі…”

Вяртаемся ў хату. Паміж сцэнай і сцяной прайсці можна толькі бачком. Пару крокаў можна зрабіць пад акном ды побач з прыбіральняй, якую вязні любоўна ахрысцілі “Светка”. Калі ідзеш папісаць ― абавязкова адкрываеш ваду. Калі маеш больш сур’ёзныя намеры ― згортваеш кнот з газеты і падпальваеш. Толькі так можна перабіць пах.

Над дзвярыма камеры заўжды гарыць лямпачка. Зняволеныя называюць яе “Луна”. Завешваць гэты магічны ліхтар на ноч нельга, бо інакш прадольнаму не будзе бачна, што робіцца ў камеры. У вочка ў дзвярах дзяжурныя зазіраюць вельмі часта. Гэта добра чуваць, так што адразу ведаеш: зараз на цябе глядзяць.

Вязні са стажам кажуць, што раней умовы на Акрэсціна былі горшыя. І распавядаюць пра “бунт БНФ”, пасля якога прыбіральні крыху прыхавалі ад астатняй камеры. Адпомсцілі зняволеным за патрабаванні “мадэрнізацыі” даволі своеасабліва: заклалі цэглай вокны ізалятара… Сёння яны ўтрая меншыя, чым былі ў 1990-я.

Уся сцэна нашай хаты ў надпісах. Тут і традыцыйнае “Малады фронт не спыніць”, і экзатычнае “Я люблю Pakistan”, і зразумелае “I love Пушкінская”. Побач напісана “Лена. 95 дзён без выхаду” ды “Рудая Юля. 60 сутак. 10.11.11” ― дзяўчынам не пазайздросціш! Ну што, пазнаеце “сваю” камеру? Абвяшчаем конкурс: хто першы дашле каментам (абавязкова пазнач e-mail) дакладны нумар гэтай хаты ― пойдзе са мной на наступны шпацыр з вялікай сумкай па мінскім метро! Жарт )) Але прыз будзе.

Ежа

Памятаеце фільм “Матрыца”? Нэа, калі трапіў на карабель да Морфеуса, на сняданак, атрымаў талерку з шэрай клейкай масай. Сняданак на Акрэсціна мала чым адрозніваецца ад гэтай неапетытнай, але, безумоўна, карыснай ежы. Хіба што да сечкі (інтэрнэт падказвае, што гэта каша з пшаніцы, хаця на месцы вызначыць, з чаго яна, не атрымалася) даюць чарнягу, бяляну і кругаль гарбаты. Абед ― суп ды катлета з гарнірам. Вячэра ― ізноў каша з хлебам. Таму мае сэнс катлету папіліць на дзве часткі і палову пакінуць на вечар.

На ўваходзе ў ізалятар я баюся, што ежы не будзе хапаць. Чаканні не спраўдзіліся: порцыі вялікія. Хаця часам грэчку даводзіцца сёрбаць са шлёмкі, столькі там вады… Але ніхто і не абяцаў, што будзе смачна.

За ізалятар я скінуў 2,5 кг. Хаця адчуванне ў страўніку такое, што прыкладна столькі ж набраў… Калі не харчуешся ў ізалятары, табе па выхадзе не выстаўляюць рахунак. Іначай трэба заплаціць за кожныя суткі палову базавай велічыні. За “пятнашку” набягае 750 тысяч!

Да, ледзь не забыўся. Калі ты п’еш на Акрэсціна гарбату з цукрам ― абавязкова размяшай яе. Можа і не пашанцаваць. Але здараецца і такое, што цукар проста ляжыць на дне кругаля.

Людзі

Хто сядзіць на Акрэсціна, калі на вуліцах Мінска не адбываецца масавых затрыманняў? Акрамя “заказаных” “палітычных”, вязні дзеляцца на дзве буйныя катэгорыі: бамжы і алкаголікі. Не дай табе Божа трапіць у адну хату з бамжом! Адразу тарабань у дзверы і крычы, каб яго вялі ў пражарку. Бо іначай сам праз пару дзён адправішся туды!

Алкаголікі зусім не страшныя. Чытаюць з большага па складах, але розум не губляюць. У кожнага свая спецыялізацыя: нехта можа на раз надраць цябе ў шашкі, нехта разгадае амаль увесь сканворд.

Дарэчы, шашкі ― гэта адзіная гульня, якую можна папрасіць у дзяжурнага па калідоры. На 10 камераў адна дошка, таму даводзіцца гуляць па чарзе.

Амаль ва ўсіх алкаголікаў на волі сумнае, але абсалютна нармальнае жыццё. Ёсць сваякі. Яны часцей за ўсё і выклікаюць міліцыю: учыніў вэрхал, лаяўся, пагражаў… Вязні ж усё роўна чакаюць ад іх перадачаў.

Кожны другі задае храпака. У большасці праблемы са страўнікам.

“Палітычных” алкаголікі крыху шкадуюць. Не таму, што паважаюць іх погляды і іх барацьбу. Проста іх абурае, што людзей вінцяць ні за што, ні пра што.

Асаблівая каста ― замежнікі, якія чакаюць дэпартацыі. Яны знаходзяцца на Акрэсціна даўжэй за ўсіх: пакуль з якога-небудзь Пакістана прыйдуць паперы, якія спраўджваюць асобу затрыманага ў Беларусі, праходзяць месяцы. Самыя жвавыя размаўляюць паміж сабой праз вентыляцыю: так я даведваюся, што ў суседняй хаце сядзіць Каця. Яна жыве ў Магаданскай вобласці, але навошта прыехала ў Мінск ― дагэтуль загадка. Каця ўвесь час спявае песні. Здаецца, перапыняецца толькі тады, калі яе “просяць” памыць падлогу ў калідоры.

Са “звычайнымі” жыхарамі Акрэсціна мы сябруем. Яны вучаць мяне круціць самакруткі. Распавядаюць пра тое, што алюміневая лыжка цэніцца больш за вясло з нержавейкі, бо з яе можна лёгка зрабіць заточку. “З нержавейкі таксама можна, ― тлумачачць зэкі. ― Але яна не такая гнуткая і горш паддаецца апрацоўцы”. Таксама вязні ахвотна падказваюць мне выразы для слоўнічка Акрэсціна. На маю думку, самае ўдалае прыслоўе: “Раней выйдзеш ― раней сядзеш!”

Іван Амельчанка распавядае, што маладафронтаўцы неяк падкацілі да начальніка ізалятара з просьбай самім зрабіць для сябе рамонт у якой-небудзь з камераў. І каб туды саджалі не бамжоў, а толькі “палітычных”. Маўляў, нехта з нашых тут заўжды ёсць, дык чаму б не? І весела, і сумна: Іван ведае юнакоў, якія з пачатку года адсядзелі на Акрэсціна па 100 сутак.

 

Легенды і міфы

Найперш у ізалятары распавядаюць гісторыі затрымання. Самы часты выпадак ― распіццё ў грамадскім месцы, на другім радку ― хатні дэбош. Але трапляюцца і незвычайныя сітуацыі.

“Мы ўвесь вечар пілі з сябрамі. Выпілі шмат, я ледзь поўзаў. Але нехта мусіў пайсці за дагонкай, ― распавядае Саша з Чыжоўкі. ― Я пайшоў у Prostore. Узяў з палічкі бутэльку гарэлкі, і… пераблытаў! Выпадкова выйшаў не праз касу, а там, дзе выходзіш пусты. Ну, мяне і затрымалі… А пасля яшчэ нейкую вітрыну разбіў. Ці да таго…”

Жэня, 23-гадовы юнак з Браслава, прыехаў паглядзець на Мінск і заснуў у вагоне мятро. На станцыі “Магілёўская” яго вывелі з цягніка. Суддзя не хацела даваць суткі, але ў хлопца некалькі нясплачаных штрафаў. Таму ён трапіў на Акрэсціна.

53-гадовага Гену ў ізалятар здала маці. Апошнім часам вязень ну ніяк не можа ўжыцца з ёй у адной кватэры… У лістападзе Гена ледзь не з’ехаў да сына і ўнучак у Краснадар. Ужо і квіток на цягнік набыў. Але спужаўся невядомасці. Здаў квіток і запіў.

У ізалятары Гена хоча трапіць у працоўную хату. Перадачаў яму чакаць няма ад каго, а цыгарэты сканчаюцца. Я размаўляю з ім пра тое, што жыццё на новым месцы не страшнае, што гадаваць унучак ― вельмі добры занятак для чалавека на шостым дзясятку… Але перспектывы ў Гены незайздросныя: па выхадзе з ізалятара яго чакае год лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Таму Гена вельмі сумуе. Праз пару дзён яго пераводзяць на першы паверх. Гэта самы сумны лёс, які я вынес з Акрэсціна.

Шкада, што вязень не можа фатаграфаваць… Але спадзяюся, што будынак ізалятара не знясуць падчас бясконцых перабудоваў, якія адбываюцца ўздоўж праспекта Дзяржынскага. Акрэсціна мусіць ацалець, каб калі-небудзь там зладзілі музей. Музей згубленага часу, тытунёвага дыму пад столлю, пакутаў і адзіноты.

Справачная інфармацыя

Самае цяжкае на Акрэсціна ― дажыць да першай перадачы. Калі яна складзеная правільна, яна надасць сэнс любой колькасці сутак у ізалятары. Калі сябры і сваякі не кінуць цябе, пасля першай перадачы непрыемнае адчуванне адзіноты знікне. Вось пералік самых неабходных рэчаў:

- коўдра ці спальнік. Са спальніка давядзецца дастаць усе вяроўкі і, магчыма, зняць “сабачку” (у залежнасці ад змены, што працуе);

- ручнік. Ім можна і твар выцерці, і ўночы кінуць пад галаву;

- сланцы. Самыя простыя, бо вязні няшмат часу праводзяць на падлозе. З большага жыццё канцэнтруецца на “сцэне”;

- зубная шчотка, паста, мыла, шампунь;

- бялізна. Як мінімум адны майткі і пара шкарпэтак на тры-чатыры дні тэрміну. У прынцыпе, бялізну часткова можа замяніць кавалак гаспадарчага мыла. Вязень зможа “памыць” тое, што ў яго ёсць: і рэчамі не абцяжарваешся, і дадатковы занятак!

- цыгарэты. У тых, хто паліць, яны сканчаюцца вельмі хутка. Тым, хто не паліць, можна цыгарэты не перадаваць, бо калі ва ўсіх суседзяў курыва сканчаецца, у камеры, нарэшце, можна дыхаць. У такой сітуацыі дарыць цыгарэты суседзям па няшчасці глупства;

- папера і асадкі. Алоўкі няма чым вастрыць, таму асадкі вырашаюць;

- канверты з маркамі. Пісаць лісты з Акрэсціна вельмі хочацца. Але адпраўляць іх “афіцыйна” не раю: з 4 лістоў, якія я адправіў праз прадольных, не дайшоў ніводны! Прасі вязняў, якія выходзяць раней, прыхаваць тваю “маляву”, а пасля закінуць яе ў скрыню;

- кніжкі і “тоўстыя” часопісы. Чытанне, на маю думку, ― самы карысны занятак, якім могуць заняць сябе вязні. На волі часу на кніжкі заўжды не хапае. Чаму б не прачытаць у ізалятары тое, што даўно збіраўся? Увага! Не бяры кніжкі для перадачаў з шафы чалавека, які сядзіць. Хутчэй за ўсё, там стаіць літаратура, якую ён паспеў прачытаць!

- свежая прэса. Адсутнасць інфармацыі вельмі дзяўбе. Асабліва калі ты сядзіш у ізалятары, а ўсе астатнія глядзяць чэмпіянат Еўропы па футболе! Штодня раніцай дзяжурны правярае вязняў і абавязкова ― парадак такі ― цікавіцца, ці ёсць у каго пытанні. 2 ліпеня я найперш запытаўся ў яго, хто чэмпіён Еўропы. Ён усміхнуўся і парадаваў: Іспанія! Карацей, нават “Беларусь Сегодня” будзе на радасць. Натуральна, пасля прачытання газету можна будзе паслаць на сцэну падчас абеда;

- сканворды і іншыя папяровыя галаваломкі. Каб было чым заняць сябе доўгімі вечарамі, калі чытаць ужо цёмна.

Слоўнік Акрэсціна

Фота: "Радыё "Свабода".

Бяляна ― белы хлеб. Не вельмі смачны, але белы. Аднойчы з бялянай была бяда, і ўвечары нам прывезлі… батон! Што называецца, адчулі розніцу.

Чарняга ― чорны хлеб. Зняволеныя кажуць, што на хлеб для ізалятара перарабляюць булкі, не прададзеныя ў гарадскіх крамах.

Кругаль ― кубак.

Шлёмка ― талерка.

Светка ― прыбіральня. Кажуць, гадоў 15 таму прыбіральні не былі адгароджаныя ад сцэны. Вада з крана лілася не ў ракавіну, а проста ў талчок. Але пасля адбыўся бунт БНФ, і ўмовы ў ізалятары палепшылі.

Пражарка ― дэзінсекцыйная ўсталёўка на першым паверсе, побач з душам. Калі ў тваю хату перавялі бамжа ― адразу грукай у дзверы і крычы, каб яго з рэчамі цягнулі ў пражарку. Іначай неўзабаве сам там апынешся.

Працоўная хата ― камера для зняволеных, якіх адміністрацыя ізалятара прыцягвае да працы на тэрыторыі ці ў горадзе. З сустрэчы з адным з такіх вязняў пачынаецца кожная раніца: хата адчыняецца, і ён чакае за дзвярыма з мехам для смецця.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі