У Віцебску адкрылася цырульня для жывёл (фота)
Першым яе кліентам стаў шасцімесячны шчанюк, ёркшырскі тэр’ер Бандзя.
Пастрыглі яго бясплатна, як і яшчэ трох сабачкаў. Такім чынам адзначылі адкрыццё цырульні. Гаспадыня Бандзі Юліяна засталася задаволенай. Яшчэ дзяўчыне спадабалася, што ў цырульні можна набыць адзенне для сабачкі і некаторыя іншыя карысныя рэчы.
Цырульня для сабак у Віцебску першая. Дагэтуль стрыжку сабак ці каціныя фрызуры прапаноўвалі толькі ветэрынарныя лякарні ў якасці дадатковых паслугаў, ці майстры-індывідуалы па аб’явах. Некаторыя гаспадары вазілі сваіх гадаванцаў у Мінск. У Беларусі, дарэчы, віцебская сабачая цырульня — адзіная, што будзе працаваць на дзяржаўнай аснове. Усе астатнія прыватныя. У цырульні працуюць два майстры-грумеры. Кожная з супрацоўніц мае дома жывёлаў — у адной дзяўчыны жыве кот, у другой сабака.
“Я прысвяціць сабе працы з жывёламі вырашыла даўно, я па адукацыі ветэрынарны лекар. Мы даем тут кансультацыі па даглядзе за поўсцю, робім стрыжкі, фрызуры, гігіенічныя фрызуры, даглядаем вушкі, лапкі”, — распавядае спецыяліст.
Кліентамі цырульні пакуль не могуць быць сабакі буйных парод — няма адпаведнага абсталявання. Абслугоўваць будуць толькі невялічкіх ды сярэдніх сабачак. Агульным коштам за адзін сэанс можа набегчы ад 100 да 250 тысяч рублёў. Паводле дырэктара прадпрыемства “Мір паслуг”, пры якім дзейнічае цырульня, Міхаіла Максімава, грумеры могуць выканаць любы капрыз кліента, нават пафарбаваць сабаку.
“Ёсць у нас заяўкі ўжо, перафарбаваць сабачку. З чорнага, ці з белага зрабіць чорнага. Жанчыны навошта фарбуюцца? Вось і сабачку, захацела гаспадыня ці гаспадар, каб быў ён такога колеру, так калі ласка!” — сказаў Міхаіл Максімаў.